Баравік Марыя Якаўлеўна (нар. 22.2.1946, в. Прэабражэнка, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.). Паэтка, драматург. Сябра СБП з 1992 г.
Скончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978). Працавала ў Падсвільскім Доме культуры, у рэдакцыі глыбоцкай раённай газеты “Шлях перамогі”, кіраўніком гуртка “Юны экскурсавод” Падсвільскага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсій. З 1965 г. друкавалася ў газетах “Шлях перамогі”, “Віцебскі рабочы”, “Чырвоная змена”, “Голас Радзімы”, “Знамя юности”, “ЛіМ”, “Наша слова”, “Народнае слова”, у часопісах “Маладосць”, “Родная прырода”, “Бярозка”, “Вясёлка”, “Роднае слова” і інш.; у калектыўных зборніках “Дзень паэзіі”, “Самавар у лесе”, у альманахах “Край”, “Далягляды”, “Ратуша”. Аўтарка паэтычных зборнікаў “Поле долі” (Мінск, 1985), “Вір пяшчоты і журбы” (Мінск, 1995), “Зорка гасцюе ў месяца” (Глыбокае, 2010), “Прымі, душа, таямніцу” (Глыбокае, 2011).