Баранавых Сымон Якаўлевіч (1.9.1900, в. Рудкова, Уздзенскі р-н Мінскай вобл. — 10.11.1942). Празаік.
Юнаком парабкаваў у багатых гаспадароў. У 1920—1923 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у роднай вёсцы ў сельсавеце, загадваў хатай-чытальняй. У 1925—1928 гг. вучыўся ў Менску на рабфаку. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1931). Працаваў у Беларускім радыёцэнтры, затым адказным сакратаром часопіса “Беларусь калгасная”, у бібліятэцы Дома пісьменніка. У 1936 г. арыштаваны. Асуджаны на 10 год зняволення. Рэабілітаваны ў 1954 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Памёр у ГУЛАГу, на Калыме. Месца пахавання невядомае.
Выступіў у друку спачатку як селькор з карэспандэнцыямі. У 1927 г. апублікаваў першае апавяданне ў газеце “Чырвоная змена”. Выдадзены зборнік апавяданняў “Злосць” (Мінск, 1930), аповесці “Чужая зямля” (Мінск, 1930), “Межы” (Мінск, 1930; па-руску: Минск, 1976), “Новая дарога” (Мінск, 1936), аповесць для дзяцей “Пастка” (Мінск, 1935), раман “Калі ўзыходзіла сонца” (Мінск, 1957), “Дзве аповесці” (Мінск, 1967), “Новая дарога” (апавяданні, аповесці, раман; Мінск, 1989).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 46).