Багушэвіч Францішак (9(21).3.1840, ф. Свіраны, цяпер в. Свіроніс, Вільнюскі раён Літвы — 15(28).4.1900, в. Кушляны, цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобл.). Паэт.
Паходзіў з сям’і дробнага шляхціча. Скончыў Віленскую гімназію (1861). Паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, але быў неўзабаве выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях і вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у вёсцы Доцішкі (цяпер Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Актыўны ўдзельнік паўстання 1863—1864 гг., быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах. Ратуючыся ад рэпрэсій, пераехаў ва Украіну. У 1868 г. скончыў Нежынскі юрыдычны ліцэй. Працаваў судовым следчым у Кралявецкім павеце, Чарнігаве, Гразявецкім павеце Валагодскай губерні, Канатопе. У 1884 г. звольніўся і вярнуўся ў Вільню. Працаваў у судовай палаце, Віленскім акруговым судзе. У 1898 г. канчаткова звольніўся й пераехаў у спадчынны маёнтак Кушляны.
Пахаваны ў в. Жупраны, Ашмянскага раёна, Гродзенскай вобласці.
Пісаў вершы ад 1885—1886 гг. Аўтар паэтычных зборнікаў “Дудка беларуская” (Кракаў, 1891) і “Смык беларускі” (Познань, 1894), а таксама апавядання “Тралялёначка” (Кракаў, 1892). Шмат яго твораў сталі хрэстаматыйнымі, а літаратурная дзейнасць моцна паўплывала на фарміраванне беларускай культурнай традыцыі ХХ стагоддзя.