Астапенка Змітрок Емяльянавіч (10(25).11.1910, в. Калеснікі, цяпер Хіславіцкі р-н Смаленскай вобл., Расія — кастрычнік 1944 г.). Паэт, перакладчык.
Скончыў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум (1929). Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Пасля жыў у Маскве, працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў 252-й школе. У 1936 г. арыштаваны і асуджаны на 8 год пазбаўлення волі. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны — на фронце.
Па адной з версій, загінуў у Славакіі ў складзе выведнай групы. Дакладнае месца смерці і пахавання невядомае.
Першыя вершы надрукаваў у 1926 г. Выйшлі зборнікі “На ўсход сонца” (Мінск, 1931), “Краіне” (Мінск, 1931), “Абураныя” (Мінск, 1932), “Выбранае” (Мінск, 1957, уключана паэма “Эдэм”), “Вершы і паэмы” (Мінск, 1968), “Пад шум дажджу” (Мінск, 1991), кніжка-малюнак для дзяцей ]Трактар” (1933). Аўтар навукова-фантастычнага рамана “Вызваленне сіл” (часопіс “Маладняк”, 1932). Перакладаў творы рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.