Аляхновіч Францішак Каралевіч (9.3.1883, Вільня, цяпер Літва — 3.3.1944, Вільня, цяпер Літва). Драматург, празаік, паэт, публіцыст, мемуарыст.
Вучыўся ў віленскай гімназіі, хіміка-тэхнічнай школе, Драматычнай школе (Кракаў), школе Музычнага таварыства (Варшава). З 1904 г. ездзіў па Польшчы з вандроўнай тэатральнай трупай. У 1908 г. вярнуўся ў Вільню, працаваў рэпарцёрам у польскіх газетах. Выдаваў гумарыстычны часопіс “Пэркунас”, у якім змясціў антыцарскі артыкул. Быў прыцягнуты да адказнасці, але ўцёк у Галіцыю, дзе граў у розных тэатрах. У 1913 г. (пасля амністыі з нагоды святкавання 300-годдзя дома Раманавых) вярнуўся ў Вільню. Але за антырэлігійны выпад у тым жа артыкуле быў прыгавораны да года турэмнага зняволення. Выйшаўшы на волю, працаваў мулярам, пажарным, настаўнікам, наладжваў тэатральныя прадстаўленні. У 1918 г. прабраўся праз лінію фронту ў Менск. У 1919—1920 гг. дырэктар і галоўны рэжысёр менскага “Беларускага тэатра”. З 1920 г. жыў у Вільні. У 1921—1923 гг. рэдагаваў газету “Беларускі звон”. У 1926 г. нелегальна перайшоў у БССР і хутка быў арыштаваны і сасланы на 10 год на Салавецкія астравы. У 1933 г. быў абменены ўладамі на заходнебеларускага палітвязня Б.Тарашкевіча. Вярнуўся ў Вільню, выступаў у польскай газеце “Słowo” з артыкуламі аб беларускім тэатры і драматургіі. У час нямецкай акупацыі рэдагаваў тыднёвік “Беларускі голас” (1942—1944). Забіты невядомымі на кватэры ў Вільні.
Быў пахаваны ў Вільні на Кальвінскіх могілках, знесеных за савецкім часам. Сімвалічны помнік-кенатаф знаходзіцца на віленскіх могілках Роса.
У друку пачаў выступаць з 1917 г. (газета “Гоман”). Супрацоўнічаў таксама з газетамі і часопісамі “Беларускае жыццё”, “Грамадзянін”, “Рунь”. Асобнымі выданнямі выйшлі п’есы “Калісь”, “На вёсцы”, “Страхі жыцця” (усе — Вільня, 1919, апошняя пастаўлена ў 1918), “Цені” (Менск, 1920, пастаўлена ў 1919), “Заручыны Паўлінкі” (Вільня, 1921, пастаўлена ў 1918), “Няскончаная драма” (Вільня, 1922), “Птушка шчасця” (Вільня, 1922, пастаўлена ў 1920), “Шчаслівы муж” (Вільня, 1922), “Пан міністар” (Вільня, 1924), “Дрыгва” (Вільня, 1925), казка ў 1 акце для дзяцей «У лясным гушчары» (Рыга, 1932, пастаўлена ў 1917). У зборніках, перыядычным друку апублікаваны п’есы, драматычныя абразкі “Манька”, “Чорт і баба” (пастаўлена ў 1918), “Базылішк”, “Перад святам”, “На Антокалі” (усе ў 1918), “Дзядзька Якуб”, “На вёсцы” (абедзве ў 1919), “Лес шуміць” (1920), “Бутрым Няміра” (1918, пастаўлена ў 1918), “Круці ні круці, а трэба памярці” (пастаўлена ў 1943). Напісаў аповесці “Пісьмы да яе” (газета “Гоман”, 1918), “Страшны суд” (часопіс “Новы шлях”, 1944), даследаванне “Беларускі тэатр” (Вільня, 1924), кнігу ўспамінаў “У кіпцюрох ГПУ” (Вільня, 1937).