Аксельрод Зэлік Майсеевіч (30.12.1904, Маладзечна, цяпер Мінская вобл. — 26.6.1941, Мінск). Паэт. Сябра СП з 1934 г.
У 1922—1925 гг. вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В.Брусава. Скончыў літаратурны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута (1928). Працаваў у дзіцячым доме, рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, у Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У 1931—1941 гг. адказны сакратар яўрэйскага часопіса “Штэрн” (“Зорка”). Арыштаваны органамі НКДБ 30.05.1941 г. У сувязі з пачаткам вайны следства не закончана. Крымінальная справа на яго спынена 07.06.1957 г.
Расстраляны ў групе іншых зняволеных ў лесе пад Мінскам пры адступленні бальшавіцкай улады. Месца пахавання невядомае.
Першыя вершы апублікаваў у 1921 г. Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў паэзіі “Трапятанне” (Мінск, 1922), “Вершы” (Мінск, 1932), “І зноў вершы” (Мінск, 1935), “Сам-насам” (Мінск, 1937), “Вершы” (Мінск, 1938), “Чырвонаармейскія песні” (Масква, 1939). Пазней выходзілі яго зборнікі “Вершы” (Нью-Ёрк, 1961), “Утренний свет” (Москва, 1963), “Вершы” (Масква, 1980). Пераклаў на ідыш творы М. Някрасава, Я. Купалы, П. Броўкі і інш.