Адамовіч Антон Яўстафьевіч (псеўд. Альгерд Ланеўскі; Васіль Бірыч; Васіль Крыцкі; Глеб Альгердзіч; Даніла Забранскі; Іван Спадзявайла; Кастусь Каліновец; Максім Зьніч; Максім Чытар; Нічыпар Недасек; Раман Склют; С. Хізма; Сяргей Юстапчык; Сабастыян Кернашыцкі; Язэп Апейка; Янка Віж і інш.; 26.6.1909, Мінск — 12.6.1998, Нью-Ёрк). Крытык, літаратуразнаўца, гісторык, пісьменнік.
Скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум (1928). У 1928 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Уваходзіў у літаб’яднанне “Узвышша”. У 1930 г. арыштаваны па справе “Саюза вызвалення Беларусі” і высланы ў Глазаў (Расія), у 1934 г. пераведзены ў Вятку (Кіраў, Расія), дзе працаваў у навучальных установах. Арыштаваны паўторна ў 1937 г., вызвалены ў 1938 г., вярнуўся ў Мінск, скончыў БДУ і працаваў настаўнікам. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Мінскай гарадской управе, “Беларускай газэце”, галоўным рэдактарам выдавецтва “Менск”, уваходзіў у Цэнтральную Раду Беларускай народнай самапомачы, выконваў абавязкі рэферэнта па справах прэсы і прапаганды Генеральнага камісарыяту Беларусі. Увосені 1943 г. выехаў у Германію. Пасля вайны выкладаў у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу. У 1947 г. стаў адным з заснавальнікаў газеты “Бацькаўшчына” і яе першым рэдактарам. З 1947 г. быў радным БНР, у розныя часы ўваходзіў ва Урад і Раду БНР. З 1949 г. жыў у ЗША. Быў сябрам Беларуска-Амерыканскага задзіночання, уваходзіў ва ўправу Нью-Ёркскага аддзела арганізацыі. Займаўся навуковымі даследаваннямі, аўтар вялікай колькасці літаратуразнаўчых прац. Супрацоўнічаў з Інстытутам вывучэння СССР у Мюнхене. Працаваў у нью-ёркскай Беларускай рэдакцыі Радыё “Свабода”. Быў сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк).
Пахаваны на могілках парафіі Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Іст-Брансвіку (Нью-Джэрсі, ЗША).
Крытычныя артыкулы пачаў друкаваць у 1926 г. Пісаў на беларускай, рускай, англійскай мовах. Пры канцы 1920-х гг. публікаваўся на старонках часопіса “Узвышша”. Аўтар літаратуразнаўчых кніг “Якуб Колас у супраціве саветызацыі” (Мюнхен, 1955), “Opposition to the Sovietization in Belorussian literature (1917—1957)” (München, 1958), а таксама шматлікіх артыкулаў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў і прадмоў да выданняў твораў Н. Арсенневай, М. Багдановіча, А. Гаруна, Л. Калюгі, А. Салаўя і інш. Да гісторыі беларускага нацыянальнага руху выдаў працы: “1917—1947. Да трыццатых угодкаў найвызначнейшых падзеяў нашага нацыянальнага руху” (Остэргофен, 1947), “1918—1948. Да трыццатых угодкаў найвызначнейшых падзеяў нашага нацыянальнага руху” (Остэргофен, 1948), “Очерки истории большевизма в Белоруссии. 1. Большевизм на путях к установлению контроля над Белоруссией“ (Мюнхен, 1954), “Большевизм в революционном движении Белоруссии. Введение в историю большевизма в Белоруссии” (Мюнхен, 1956), “Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча)”. Таксама аўтар літаратурных твораў, выдадзеных асобнымі кнігамі “Усяночная” (Ватэнштэт, 1946), “Каханы горад: Завязка раману” (Остэргофен, 1948), зборніка памфлетаў “Каля «сьвятароў» і «цемняроў»” (Чужына, 1950). У 2003 г. у Нью-Ёрку выйшаў пасмяротны том “Творы” А. Адамовіча, а ў 2005 г. у Мінску — зборнік “Да гісторыі беларускае літаратуры”. Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 459).