Агіевіч Уладзімір Іванавіч (псеўд. Хрушч Ул., 13(26).9.1910, в. Пухавічы, цяпер Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл. — 2.10.1952, Мінск). Крытык, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1946 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1929—1933 гг. настаўнічаў у сельскай школе. Скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1937). У 1937—1939 гг. выкладаў у Слуцкай педагагічнай навучальні, пазней вучыўся ў аспірантуры пры АН БССР. Некаторы час выкладаў гісторыю беларускай літаратуры ў вышэйшых навучальных установах Мінска. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Быў паранены. У 1943—1946 гг. вучоны сакратар аддзялення грамадскіх навук АН БССР. Працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў Мінскім педагагічным інстытуце, літкансультантам у СП БССР, рэдактарам аддзела часопіса “Беларусь”. Быў сябрам СП СССР з 1946 г.
Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.
Дэбютаваў вершамі ў 1928 г. Як крытык пачаў выступаць у 1941 г. Пісаў пра творчасць Я. Купалы і Я.Коласа, пра пасляваенную беларускую паэзію. Склаў падручнікі (разам з І.Кудраўцавым): “Кніга для чытання ў 2 класе школ рабочай і сельскай моладзі” (Мінск, 1952), “Кніга для чытання ў 3 класе школ рабочай і сельскай моладзі” (Мінск, 1952). Лепшыя крытычныя працы сабраны ў кнізе “Літаратура і жыццё” (Мінск, 1954). На беларускую мову пераклаў аповесць М.Прыляжаевай “З табой таварышы” (Мінск, 1950).