З’явілася кніга пра вытокі нашай этнаграфіі

У выдавецтве “Беларуская навука” выйшаў альбом-манаграфія “Забытая экспедыцыя 1923 года. Ля вытокаў акадэмічнай этнаграфіі ў Беларусі”. Кніга з’яўляецца лагічным працягам адпаведнай выставы, якая праходзіла ў жніўні ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Аўтары кнігі — Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч і Надзея Саўчанка

Кніга прысвечаная вывучэнню гісторыі падрыхтоўкі і правядзення этнаграфічнай экспедыцыі 1923 года, якая была арганізавана сумесна Інбелкультам і Галоўным архіўным упраўленнем. Сабраныя ёю экспанаты былі прадстаўленыя ў беларускім павільёне Першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай і кустарна-прамысловай выставы ў Маскве, а пасля сталі асновай этнаграфічнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея.

Аснову выдання складаюць 59 фотаздымкаў з дзвюх экспедыцый (у маі і чэрвені 1923 года), якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Цалкам яны публікуюцца ўпершыню, да кожнага складзены разгорнуты каментар.

У кнізе прадстаўленыя гісторыя арганізацыі і правядзення экспедыцыі, працэс падрыхтоўкі да Усесаюзнай выставы і праца яе беларускага павільёна. Акрамя таго, прадстаўленыя біяграфічныя нарысы ўдзельнікаў экспедыцыі Міхася Мялешкі, Аляксандра Шлюбскага, Міколы Азбукіна і Льва Дашкевіча ды агляд развіцця беларускай савецкай этнаграфіі і фалькларыстаў у 1920-я — пачатку 1930-х гадоў.

Выданне падрыхтавана пераважна на матэрыялах фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і паводле публікацый у тагачасным перыядычным друку. Кніга падрысвечаная 100-годдзю правядзення экспедыцыі. Альбом-манаграфія будзе цікавы этнолагам, гісторыкам, мастацтвазнаўцам, краязнаўцам, а таксама шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца беларускай гісторыяй і культурай.