З 15 па 30 жніўня Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей запрашае наведаць выставу графікі выбітнага беларускага мастака Валерыя Славука. Куратаркай выставы выступіла Ала Зміёва.
Афіцыйнае адкрыццё выставы адбудзецца 20 жніўня. Пачатак у 17:30.
Валерый Славук — беларускі графік, педагог, прафесар. Нарадзіўся 7 красавіка 1947 году, мястэчку Коханава Талачынскага раёну на Віцебшчыне. У 1977 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.
Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Шырока вядомы ілюстрацыямі да беларускіх народных казак “Удовін сын”, “Піліпка-сынок”, “Алёнка”, да кніг “Шляхціц Завальня” Яна Баршчэўскага, “Вясна ўвосень” Уладзіміра Караткевіча, да кнігі “Чароўны свет” і мноства іншых. У 2020 годзе ў выдавецтве “Янушкевіч” выйшла багата ілюстраваная Валерыем Славуком кніга чароўных казак і паданняў “Вядзьмар, які рабіўся ваўком”, якую ўклаў Антон Францішак Брыль. Выданне атрымала ў наступным годзе Прэмію Цёткі за найлепшае мастацкае афармленне.