“Вясковаму лірніку” Уладзіславу Сыракомлю — 200 гадоў

Сёння спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння “Вясковага лірніка” Уладзіслава Сыракомлі, аўтара беларускамоўнага верша “Добрыя весці”, кніг пра Менск і Нёман, нарысаў пра Беларусь, класіка польскай літаратуры і перакладу XIX ст.

Людвік Францішак Уладзіслаў Аляксандравіч з шляхецкага роду Кандратовічаў гербу «Сыракомля», назву якога потым узяў за псеўданім, нарадзіўся 29 верасня 1823 года на Любаншчыне, у фальварку Смольгаў, дзе ягоны бацька арандаваў зямлю. Дзіцячыя і юнацкія гады паэта прайшлі ў вёсцы Кудзінавічы (цяпер Капыльскі раён), адсюль ён ездзіў на вучобу ў Нясвіж, а пасля – у Наваградак. У 1838 г. сям’я Кандратовічаў пераехала ў Мархачоўшыну. У гэтым жа годзе будучаму паэту прыйшлося пакінуць Наваградскую павятовую школу, бацьку патрэбны быў памочнік. Пазней Людвік працаваў перапісчыкам папер у радзівілаўскай канцылярыі ў Нясвіжы. Тут ён зацікавіўся гісторыяй, самабытнай мясцовай культурай, наведваў літаратурныя сустрэчы, меў доступ да багатых кнігазбораў, занатоўваў мясцовыя паданні, пачаў рабіць першыя крокі ў літаратуры.

Напалеон Орда. Фальварак Смольгаў

У 1844 годзе, пасля жаніцьбы з 16-гадовай Паўлінай Мітрашэўскай, звольніўся ca службы i стаў арандаваць фальварак Залучча (цяпер у Стаўбцоўскі раён). Тут пачаў актыўна пісаць.

У 1852 годзе ва Уладзіслава Сыракомлі цягам тыдня раптоўна памерлі тры малалетнія дачкі, i ён не меў «сілы праз свае горкія ўспаміны жыць далей у вёсцы, у мясціне, дзе калісьці жыццё працякала больш шчасліва». У верасні таго ж года пераехаў у Вільню, бліжэй да выдавецтваў. Друкаваўся ў газеце «Kurier Wileński», дзе таксама рэдагаваў аддзел віленскай хронікі. З 1953 года арандаваў фальварак Барэйкаўшчына паміж Вільняй i Ашмянамі, дзе пражыў амаль 10 гадоў. Шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве і Польшчы.

1859–1860 гадах ён жыве ў Вільні, вясною 1861 года трапляе ў Варшаву, а потым у Ломжу, Сувалкі і Коўна, дзе бярэ ўдзел у маніфестацыях супраць царызму. У Вільню Сыракомля вярнуўся пад арыштам, сядзеў у віленскай турме. Выратавала паэта заступніцтва сяброў, якія дамагліся ягонага вызваленне, як хворага на сухоты. Вызвалены пад нагляд паліцыі. Памёр у час следства. Пахаваны на віленскіх могілках Роса.

Адам Шэмеш. Партрэт Уладзіслава Сыракомлі.

Часта творы Уладзіслава Сыракомлі грунтуюцца на беларускім матэрыяле. Паэт адлюстроўвае тагачасную беларускую рэчаіснасць, звяртаецца да далёкага гістарычнага мінулага роднага краю. Жыццё і побыт сялян, іх надзеі і спадзяванні, народныя паданні і песенная творчасць, беларускія краявіды, выпісаныя надзвычай умела і з вялікім майстэрствам, надавалі адметны каларыт паэзіі Сыракомлі сярод іншай польскамоўнай літаратуры таго часу.

Уладзіслаў Сыракомля не толькі апрацоўваў беларускія народныя песні і паданні, але і сам пісаў на беларускай мове і меркаваў выдаць кнігу ўласных беларускіх вершаў разам з вершамі Вінцэнта Каратынскага. Але, на жаль, беларуская спадчына Сыракомлі не дайшла да нас у поўнай меры. Захаваўся толькі беларускі верш “Добрыя весці”.

…Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песню: «Хваліць цябе, Божа!»
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.
Зямля ты наша, зямля ты святая,
Радзі нам збожжа ды судзі пажаць, —
Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю
На магазын наша зерне браць!
Ручыць рукою худоба ў хаце.
Паны мужыцкіх слёз не забяруць —
Мужык і шляхціц стаў за пане браце,
Рукі за рукі і грудзь за грудзь.
Пяром на карце, сахой на ніве
Адзін другому роўнасць засцярог.
Эй, у свабодзе зажывём шчасліве,
Мы будзем дзеткі, а наш бацька — Бог.

Уладзіслаў Сыракомля глыбока цікавіўся фальклорам, этнаграфіяй і гісторыяй роднага краю, пра сведчаць ягоныя празаічныя творы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Кароткае даследаванне мовы i характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі» (1856), «Мінск» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861), нататкі аб мінулым Нясвіжа для кнігі М. Балінскага «Старажытная Польшча», шматлікія артыкулы ў перыёдыцы.

Багата перакладаў паэзіі на польскую мову з нямецкай, лацінскай, французскай, украінскай і іншых моў. Многія паэтычныя пераклады Сыракомлі дагэтуль лічацца аднымі з найлепшых ў гісторыі польскай мовы.

Уладзіслаў Сыракомля моцна паўплываў на развіццё польскай і беларускай літаратуры. Вершы яму прысвячалі Янка ЛучынаАдам ПлугЯнка Купала. Яго вобраз выведзены ў аповесці Адама Мальдзіса «Восень пасярод вясны». У Барэйкаўшчыне створаны музей-бібліятэка Уладзіслава Сыракомлі, яго імем названа вуліца ў Нясвіжы і Менску. У Варшаве у гонар паэта названыя адразу дзве вуліцы: вуліца Людвіка Кандратовіча і вуліца Уладзіслава Сыракомлі. У 1993 годзе быў адкрыты бюст Сыракомлі ў Старым парку Нясвіжа. У Вільні на доме, у якім памёр паэт (вул. Барбары Радзівіл, 3), змешчана памятная шыльда.

Галоўнае фота – csl.bas-net.by