Запіс песні “Цвярдыня” ў выкананні Уладзіміра Караткевіча (аўтар словаў — імаверна сам пісьменнік, аўтар музыкі — Алег Каравайчук) быў зроблены спецыяльна для мастацкага фільма “Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка” паводле рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” ў 1967 годзе.
Фільм трапіў на экраны толькі праз 22 гады, а вось публікацыя поўнага аўдыёзапісу адбылася толькі цяпер на YouTube-канале TuzinFM, піша ў фэйсбуку культурны мэнэджар Сяргей Будкін.
Даследчык беларускай музыкі, музыка і паэт Віктар Сямашка расказваў пра гісторыю гэтага запісу:
“Не многія заўважаюць, што Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч не толькі напісаў сцэнар да стужкі, але й сыграў дзве эпізадычныя ролі — ксяндза ды татарына. Акром таго, заспяваў за кадрам! Песня ў розных крыніцах пазначаецца як народная альбо як старадаўні гімн. Хутчэй гэта ўсё ж уласны твор Караткевіча з адсылкай на псальму Давіда, ды выкананы пісьменнікам у лірніцкай манеры, хаця й пад цымбалы. Саўндтрэк да фільму “Жыццё ды ўзьнясенне Юрася Братчыка” напісаў кампазытар Алег Каравайчук, ураджэнец Кіева, і ён таксама, дарэчы, зняўся ў эпізодзе. Ад пачатку 60-х да 90-х канцэрты Каравайчука забараналіся, а творы канфіскоўваліся…”
Крыніца галоўнага фота