У Маскоўскім раёне Менску адну з зонаў адпачынку ператвораць на “Сад вершаў”, які з’явіцца ў межах вул. Алібегава, вул. Л. Сапегі, вул. Я. Брыля і пр. Дзяржынскага. Пра гэта расказалі ў адміністрацыі Маскоўскага раёна, піша Onliner.by.
Цягам наступных двух гадоў 43 гектары неўладкаванай тэрыторыі плануюць прывесці ў належны выгляд у адпаведнасці з праектнымі рашэннямі маладога архітэктара.
“Да выканання першых работ па праекце прыступім ужо ў другім квартале. Гэта будзе ўваходная група, пешаходныя злучэнні, усталяванне інфармацыйных стэндаў, бо “Сад вершаў” прадугледжвае дадатковае інфармацыйнае напаўненне пра нашых беларускіх пісьменнікаў. Да Дня Незалежнасці мінчукі ўжо змогуць наведваць пэўную частку зоны адпачынку”, — адзначылі ў адміністрацыі.

Уладальнікам Гран-пры гарадскога конкурсу моладзевых ініцыятыў “Менская змена — 2024” стаў Уладзіслаў Кашкоўскі. Ён скончыў архітэктурна-будаўнічы каледж і зараз працуе тэхнікам-праекціроўшчыкам у “Мінскпраекце”. Унікальны праект па добраўпарадкаванні зялёнай зоны хлопец выставіў на конкурс яшчэ ў 2023-м. Праз год ён прадставіў дапрацаваны “Сад вершаў”, у якім улічыў пажаданні спецыялістаў і куратараў, — і перамог.

Рэалізоўваць праект будуць на ўчастку тэрыторыі, абмежаванай вул. Алібегава, вул. Л. Сапегі, вул. Я. Брыля і пр. Дзяржынскага. Добраўпарадкаваць яе — гэта задача з зорачкай, бо на лакацыі са складаным рэльефам, да таго ж размешчаны лініі электраперадачы, праходзяць воданапорныя сеткі і працякае ручай Мышка. “Сад вершаў” будзе ўключаць алею вершаў, зоны ціхага адпачынку, спартовыя і дзіцячыя пляцоўкі. Асаблівую ўвагу нададуць стварэнню безбар’ернага асяроддзя.
Выявы Уладзіслава Кашкоўскага