Беларускія выдавецтвы працягваюць радаваць чытачоў новымі кнігамі, гэтым разам для дзіцячымі. “Тэхналогія” выпускае вершаваную азбуку, Цымбераў — пераклад са шведскай пра вулкан, а “Папуры” — калядныя гісторыі з французскай.
У выдавецтве “Тэхналогія” выходзіць новая кніга Андрэя Скурко “Хачу ўмець чытаць. Вершаваная азбука” з ілюстрацыямі Вольгі Зароўскай. З дапамогай дасціпных вершыкаў дзеткі маюць засвоіць літары і навучыцца складаць іх у словы. На сайце выдавецтва ўжо цяпер ёсць магчымасць перадзамовіць кнігу, а да канца кастырчніка чытачы змогуць патрымаць азбуку ў руках.
Выдавецтва “Папуры” выпусціла кнігу “Калядныя гісторыі” цэлай жмені французскіх аўтараў. Гэта чароўныя калядныя апавяданні, якія выдатна падыйдуць для чытання дзецям на ноч. Кніга выйшла ў дзвюх версіях — беларускай і расійскай, а пераклад зрабіла Кацярына Маціеўская.
“Вулкан і цялятка, якое выратаваў Пу” — так называецца дзіцячая навінка ад выдаўца Рамана Цымберава. Аўтарка гісторыі, якую пераклаў Зміцер Плакс — шведская пісьменніца Грэтэ Ротбёль, а за мастацкае афармленне адказвала Вівека Шогрэн.
“Вулкан Нга-Муры ажывае. Пачынаецца вывяржэнне, усе бягуць з маленькае выспы. Усе, акрамя пастуха Пу, які адмаўляецца кінуць тры сотні сваіх кароў. Разам з каровамі ён глядзіць, як чаўны сяброў ператвараюцца ў кропачкі на даляглядзе мора. Але хутка ў Пу зʼяўляецца новы сябар – цялятка, што нарадзілася ў яго на вачах…”
Кнігу пра адвагу і радасць узаемадапамогі можна набыць на сайце knihi.by.