Пра Алеся Канстанцінавіча Каско, вядомага берасцейскага паэта, якога не стала ў 2017-м, піша Мікола Асавец.
Хоць і значыцца ў даведніках, што Алесь Каско нарадзіўся ў сялянскай сям’і, гэта мала адпавядае ісціне, бо дзед Алеся, Рыгор, праз сваё малазямелле нават не мог выгадаваць парсючка, займаўся продажам коней. Старэйшага свайго сына Кастуся, бацьку Алеся, выправіў да майстра вучыцца шыць боты. Кастусь вырас увогуле майстравым чалавекам: шыў боты, сталярнічаў і цяслярыў, садзіў сады, разводзіў пчол. Пабыў і прадаўцом у краме, і калгасным брыгадзірам. Партызан і франтавік, кандыдат у члены КПСС, бацька Алеся Каско быў у самым пачатку 1950-ых асуджаны і адпраўлены ў сталінскі лагер. Дзякуй Богу, неўзабаве вызвалілі.
Маці Алеся Каско, Аксеня, стала адной з першых камсамолак-трактарыстак у калгасе. Нарадзіла пяць дочак і чатырох сыноў, змагла выгадаваць шасцёра…
Вучыўся Алесь у Чудзінскай школе, у старэйшых класах ягоным настаўнікам быў паэт-вандроўнік Мікола Купрэеў, які аказаў значны уплыў на развіццё паэтычнага пачатку ў юнаку. Як прызнаваўся сам Алесь Каско, неяк Мікола Купрэеў сказаў: “Чалавека з цябе не будзе, хіба паэт…”. Першы надрукаваны верш – “Пралескі” – быў змешчаны ў Ганцавіцкай раённай газеце, рэдактарам якой на той час быў Віктар Гардзей. Гэта дало падставы Алесю ў 1968 годзе пры паступленні на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна пісьмова заявіць, што ён паэт.
Тады загадчыкам кафедры беларускай літаратуры інстытута быў прафесар, выдатны педагог, ужо вядомы пісьменнік Уладзімір Калеснік. Ягоны уплыў на маладога паэта быў вельмі значным, Уладзімір Калеснік максімальна паспрыяў развіццю паэтычных здольнасцей і росту асобы Алеся Каско.
У той час у інстытуце навучаліся Мікола Пракаповіч, Алесь Разанаў, Алесь Зайка, Васіль Жуковіч, Рыгор Сыраватка…
“Любіў як і яны… кніжкі, якія мы чыталі і абмяркоўвалі па начах, бо многія кніжкі былі пад забаронай, напрыклад, найцудоўнейшая манаграфія пра Максіма Багдановіча рускага Івана Замоціна, рэпрэсіраванага за беларускасць…”
Пакрысе раскрываецца паэтычны талент Алеся Каско. Адзін з ягоных вершаў друкуецца ў насценгазеце: “Яго завучвалі студэнткі і парадзіравалі хлопцы. А мне ён дарагі”, – прызнаваўся паэт.
Вынырне бліскучы месяц з-за гары,
Пад пушыстым снегам бор засне стары,
І заплюшчыць вочы хаты ўсе, адно
Доўга не патухне любае акно.
Гэта зноў дзяўчына не захоча спаць
І самотна будзе ў ночку пазіраць.
Да яе прыйду я – о, шчаслівы міг! –
Прыкіпіць дзяўчына да грудзей маіх.
Сэрцы два сальюцца з жарам у адно,
Вось тады й патухне любае акно.
Вершы Алеся Каско ў гэты час друкуюцца ў абласной газеце “Зара”, у рэспубліканскай “Чырвонай змене”.
Праз гарачы няўрымслівы характар Алеся Каско, як ён сам згадваў, здарыўся канфлікт, і ён быў у пачатку 1971 года часова адлічаны з інстытута “за неуспеваемость”, пры тым, што быў выдатнікам. Бацькам пра гэта не прызнаўся. Алеся накіравалі настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Рагазянскую школу, а потым – у родную Чудзінскую, дзе ён адразу вёў урокі рускай, беларускай і нямецкай мовы. Восенню таго ж года быў прызваны на службу ў войска. Вярнуўся ў 1973 годзе ў сваю школу, прадоўжыў навучанне ў інстытуце на завочным аддзяленні – менавіта служба ў арміі і была ўмовай аднаўлення. Праз год ён папрасіўся перавесці яго на стацыянар, бо “зразумеў, што завочнае навучанне не для мяне”. У 1974 года ягоная просьба была задаволеная.
Пачынае актыўна друкавацца з новымі вершамі. Уладзімір Калеснік і Мікола Пракаповіч накіравалі Алеся Каско на Рэспубліканскі семінар маладых літаратараў. Пра значнасць гэтай падзеі для сябе Алесь Каско пісаў так: “Ах, якія гэта былі дні, дзесяць дзён! Мікола Пракаповіч, Алесь Емельянаў, Алесь Гаўрон, Люба Турбіна, Таіса Бондар, Іван Стадольнік… А над намі! Вядзьмак Лысагорскі, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі…”
Анатоль Вярцінскі паспрыяў публікацыі вершаў Алеся Каско ў “ЛіМе”, ды яшчэ з партрэтам аўтара, што было так значна для яго.
На апошнім курсе Алесь ажаніўся, у іх з жонкай нарадзілася дачка. Маладая сям’я прыехала ў Жабінку, дзе Алесь Каско пачынае працаваць карэспандэнтам раённай газеты “Сельская праўда”. Хутка ён старшынствуе ў раённым літаратурным аб’яднанні “Плынь”.
У 1979 годзе Алесь Каско упершыню становіцца аўтарам, дакладней, адным з аўтараў калектыўнага зборніка “Нашчадкі”. Разам з такой значнай падзеяй прыйшло і нечаканае адкрыццё: аказваецца, сапраўднае іхняе прозвішча не Каско, а Казка. Пра гэта расказаў паэту бацька, паглядзеўшы на вершы сына ў кнізе. Якім чынам Казкі сталі Каско – гісторыя не захавалася.
У 1984 годзе паўстала дылема: каб працягнуць працу ў раённай газеце, трэба было уступаць у партыю. Алесь Каско адмовіўся, паехаў у Брэст, дзе Мікола Пракаповіч на гэты час працаваў рэдактарам праграмы літаратурна-драматычных перадач абласной студыі тэлебачання. Алесь Каско пачаў працу тэлерэдактарам. У гэтым жа годзе ён быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.
У 1991 годзе сябры Бересцейскай суполкі Саюза беларускіх пісьменнікаў абралі яго старшынёй – пасля Уладзіміра Калесніка, Міколы Пракаповіча. Гэты вялікі давер Алесь Каско апраўдаў плённай працай на гэтай пасадзе: была заснаваная літаратурна-краязнаўчая серыя “Берасцейкія карані”, у якой выйшла 10 кніг. Праявіўся вялікі клопат для захавання і ўшанавання памяці папярэднікаў: Сержпутоўскага, Коласа, Калесніка, Праскурава, Рудкоўскага.
Гэты час быў вельмі плённым і для самога Алеся Каско як паэта. Ягоныя вершы друкуюцца ў перыядычных выданнях, перакладаюцца на рускую мову. У 1994 годзе выходзіць ягоны зборнік “Час прысутнасці”, адзначаны ў 1995 годзе Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова.
Чым далей, тым шырэй раскрываюцца здольнасці Алеся Каско. Ён выступае ў друку як празаік, эсэіст, займаецца рэдактарскай працай. Ім былі адрэдагаваны кнігі пісьменнікаў Берасцейшчыны: Леаніда Філатава, Расціслава Бензярука, Івана Арабейкі, Івана Лагвіновіча, Алеся Паплаўскага. Перакладае на беларускую мову рускіх, украінскіх, польскіх, нямецкіх, македонскіх паэтаў. У 2001 годзе Алесь Каско запісаў казкі сваіх землякоў і выдаў іх у зборніку народных казак для дзяцей “Чыстага ўсё нячыстае баіцца”. Кніжка вершаў і казак “Два сонцы” стала чарговым падарункам для маленькіх чытачоў у 2004 годзе.
Увогуле, пачатак 2000-ых гадоў адзначаны прызнаннем паэта на самых розных узроўнях. Паэт-пчаляр Мікола Папека засноўвае сваю літаратурную “Мядовую прэмію”, якой у 2001 годзе першым адзначае Алеся Каско. Праз год Алесь Каско – лаўрэат прэміі “Берасцейская зорка-2002” у намінацыі “Літаратура”, у 2005 годзе – лаўрэат міжнароднай прэміі імя Ганны Краснапёркі.
Стварэннем у 2005 годзе праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі пачынаецца разгром Саюза беларускіх пісьменнікаў. Першымі адчулі на сабе ціск абласныя філіі, яны былі пазбаўлены ўсякіх умоў для дзейнасці. У 2007 годзе Алесь Каско мусіў вярнуцца ў Жабінку, на працу ў раённую газету ў аддзел радыёінфармацыі.
Але тут ніяк не абмяжоўваецца толькі журналісцкай працай. Арганізуе і кіруе літаратурнай студыяй “Вестка” пры раённай дзіцячай бібліятэцы, дзе дапамагае пачынаючым паэтам авалодаць словам, заклікаючы найперш любіць родную мову. З удзелам Алеся Каско праходзяць літаратурныя вечарыны у школах, арганізацыях, бібліятэках Жабінкі і Брэста. І паўсюль паэт нястомна заклікае да беларускасці.
Дзякуючы шмат у чым менавіта Алесю Каско ў Брэсце выдаецца пасмяротна кніга Васіля Праскурава “Наўсцяж вясковай вуліцы”, прыводзяцца ў належны стан магілы Міхася Рудкоўскага і Івана Кірэйчыка. Пры ўдзеле паэта на могілках вёскі Федзькавічы з’явіўся і помнік паэту Васілю Гадульку.
У 2008 годзе выходзіць кніга паэзіі “Трохперсце”, аўтарамі якой сталі Алесь Каско, Мікола Пракаповіч, Міхась Рудкоўскі. Дзякуючы клопату і непахіснай пазіцыі Ніны Мацяш зборнік быў уключаны ў спіс кніг на атрыманне літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка і стаў лаўрэатам у тым жа годзе.
У 2011 годзе у Ганцавічах праходзіла рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства. Да гэтага дня ў горадзе з’явілася Алея паэтаў, дзе на некалькіх скульптурных кампазіцыях у выглядзе аркушаў-завіткоў былі пазначаны імёны літаратараў, чый лёс звязаны з Ганцаўшчынай. Сярод іншых імён – імя Алеся Каско.
Цяжкая хвароба абарвала жыццёвы шлях паэта 26 лістапада 2017 года. Алесь Каско памёр, не дажыўшы да свайго 66-годдзя два тыдні.
Вынік творчай плённай працы Алеся Каско – кнігі вершаў:
“Вестка” (у калектыўным зборніку “Нашчадкі”), 1979 г.
“Скразная лінія”, 1982 г.
“Набліжэнне”, 1989г.
“Час прысутнасці”, 1994 г.
“45”, 1996г.
“Трохкроп’е”, 2001г.
“Свой камень” (у калектыўным зборніку “Трохперсце”), 2008 г.
“Нічога больш”, 2011 г.
“Прыадхінуты небасхіл”, 2012 г.
Паэзія Алеся Каско – гэта сплаў філасофіі, інтэлектуальнасці і лірызму, роздум пра імгненнае і вечнае, пра сутнасць усяго вялікага жыцця і месца ў ім чалавека. Родная зямля натхняла і знайшла адлюстраванне ў ягоных паэтычных радках, прасякнутых непадробнай любоўю, шчырым клопатам, часам – болем. Палессе напачатку паэт бачыў запаведным краем, дзе ў гармоніі жылі чалавек і прырода, а пазней прыйшло разуменне, да чаго давяло прыроду “пакарэнне Палесся”. Экалагічная драма роднай зямлі арганічна спалучылася з агульнай духоўнай трагедыяй усёй Беларусі: пазбаўлення мовы, самабытнай культуры, спрадвечнай годнасці. І “зямля пад белымі крыламі” для Алеся Каско аднойчы пабачылася “зямлёй пад чорным крыжам”.
Незадоўга да сваёй смерці ён напісаў верш “Прыпавесць пра выгнанніцу” – пра родную мову.
Яе, непераборлівай і цярплівай,
на веры і праўдзе чужой распанелыя дзеці
сцураліся так, што і дух ейны вымелі
з апошніх прытулкаў — з вясковых хацінаў,
з дрымучых легендаў ды песняў цягучых, —
а ў прыстойныя гмахі на крок не пусцілі,
каб не запляміла там, чаго добрага,
расейскага футра й сусальнага золата,
агліцкіх рунаў, кітайскага шоўку.
Доўга блукала яна і стаяла пад вокнамі,
запытальна лавіла знаёмыя твары і постаці;
дзеці ж тым часам ваўсю завіхаліся, важныя:
пісалі дэкрэты аб праве, маралі ды этыцы,
складалі праекты мастоў, казіно, стадыёнаў,
прымалі гасцей і з Усходу, і з Захаду,
з імі ў чаркі званілі, спявалі па-іхняму,
да іхніх імёнаў свае прыстасоўвалі
і гэтакім чынам былі з імі роўныя.
Чым далей ад счужэлых кварталаў спынялася,
тым душэўней у сіне-зялёных прасторах
з кожнай краскай, травінкай яна, несамотная,
з кожным дрэвам і кожнаю птушкаю,
з кожнай вольнаю хваляй рачной гаманіла —
малітвай, зычэннем да слоўка сябе раздала;
дзяцей жа сваіх не гукнула, жальбою ніводнай:
была яна Моваю, гнанаю імі, ды годнай,
яна неўміручасцю, страчанай імі, была!
Святлана Локтыш: “У пакінутай ім спадчыне не знайсці хвалебных одаў, вершаў-аднадзёнак на патрэбу дня ці нечага наноснага, сумніўнага. Затое ў кожным творы адчуваецца штосьці сапраўднае, глыбокае, што вярэдзіць душу — бо і сам пісьменнік кожную думку прапускаў праз свае розум і сэрца. І ўсё напісанае паэтам выдае ў ім моцнага духам чалавека, здольнага на сапраўдныя ўчынкі. Але адначасова й таго самага “сівога мастака”, што як дзіця, умее шырока адкрытымі вачыма глядзець на свет і знаходзіць важнае нават у дэталях і дробязях”.
Васіль Дэбіш: “Паэзія Алеся Каско самай высокай пробы, іскрыста-імгненная, нібы сполахі маланкі, што выхопліваюць са змроку невясёлыя малюнкі нашай зямной долі. Творчую індывідуальнасць паэта ахарактарызаваць складана. Постаць ягонага лірычнага героя надзвычай супярэчлівая: ён нязмушана-далікатны, чуйны, датклівы. А то і выключна жорсткі. Шчыры, як дзіця, і легкадумна-хітраваты. Ён шматаблічны і непрадказальны”.
Мікола Асавец, для bellit.info
Фота: “Ганцавіцкі рэгіён”