“Ёсць Востраў у мяне…”: паэзія Міхася Рудкоўскага

Постаць Міхася Рудкоўскага (1936 – 1991) на Берасцейшчыне  знаходзіцца бы трошкі ў ценю іншых – а іх нямала – выбітных асоб. Амаль што аднагодка “новай, аб’яднанай Беларусі”, ён мусіў тварыць у часы “сацыялізму з чалавечым тварам”. І па вялікім рахунку, з сённяшняга гледзішча, ягоная паэзія не стала наватарскай, выключнай для літаратуразнаўцаў. І ўсё ж роля асобы Міхася Рудкоўскага ў беларускай паэзіі, літаратуры і культуры ўвогуле – роля першага плану.

Менавіта яго называюць сёння першым прафесійным паэтам Берасцейшчыны. Ён дасягнуў выключнага майстэрства ў валоданні паэтычным словам. Яму былі падуладныя ўсе жанры: пісаў балады, элегіі, санеты, трыялеты – і рабіў гэта ўзорна. Знешне простыя па форме і складзе вершы напоўнены тонкім лірызмам, шчырасцю пачуццяў, яскравай вобразнасцю – усім тым, што стварае сапраўдную паэзію. Як паэт свайго часу, Міхась Рудкоўскі не мог абысці тэмы вайны, партызанскага руху, вялікай бяды простага народу ў час ліхалецця, але ж асноўная тэма ягоных вершаў – краса беларускай зямлі, родных мясцін, еднасць чалавека і прыроды. У ягонай паэзіі б’ецца сэрца нераўнадушнага чалавека, які спрабуе асэнсаваць уласны духоўны свет, дабро і зло, сутнасць прыгажосці і самога жыцця. Пра адзін верш Міхася Рудкоўскага (яго вы можаце паслухаць у выкананні аўтара на відэа) варта сказаць асобна. “Мой дзед быў сельскім кавалём…” – гэта сапраўдны гімн чалавеку.

Надзвычай важны іншы складнік жыцця Міхася Рудкоўскага, звязаны з ягонай прафесійнай дзейнасцю. Складнік гэты сягае шырока, пакуль жа згадаем толькі адзін момант. Працуючы на Брэсцкай студыі тэлебачання, ён стварыў свой літаратурна-музычны часопіс. І пачаў паказваць у гэтым часопісе людзей культуры, у тым ліку – літаратараў. Запрашаў да сябе на здымкі паэтаў і пісьменнікаў, ездзіў у творчыя камандзіроўкі, вышукваючы герояў сваіх перадач. Гэта быў не проста ўдалы новы праект, так высока ацэнены гледачамі і калегамі – гэта было тое наватарства, на якое трэба было асмеліцца: не перадавікі вытворчасці, не чыноўнікі, не “актыўныя грамадскія дзеячы”, а менавіта людзі культуры першы раз на Берасцейшчыне з’яўляліся на тэлеэкранах. І гэта было цікава гледачам. Пра выключную важнасць літаратурна-музычнага часопіса “Буг” ў справе папулярызацыі літаратуры гаварыць будзе лішне.

Я рос на плёсах. І не толькі ў сне
мяне на спіне успацелай хвалі
нібы ў калысцы, у чаўне люлялі;
не раз ступаў нагой па шорсткім дне.

Ці не таму —
пазнаўшы глыбіню —
я сёння, быццам дзікі птах, без страху
усёй душой, усё істотай прагну
рукой сваёй пакратаць вышыню?…

Міхась Рудкоўскі нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Душэўную тонкасць і эмацыянальнасць натуры ён узяў ад маці, Марыі Юльянаўны.  Яна, меўшы толькі чатыры класы адукацыі, вылучалася сярод вяскоўцаў веданнем на памяць многіх верашаў Пушкіна, казкі Яршова, якія чытала дзецям. Увогуле, была жанчынай надзвычай чулай і ўразлівай, прагнула для дзяцей адукацыі. Дзякуючы менавіта адносінам маці да адукаванасці, Міхась пасля заканчэння Астравецкай васьмігодкі паступае ў Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча, якое неўзабаве закрыюць і перавядуць студэнтаў у Пінскае вучылішча. У 1955 годзе Міхась Рудкоўскі – выпускнік, пачынае настаўнічаць у Кукаўскай сямігодцы Ганцавіцкага раёну, дзе выкладае беларускую і нямецкую мову і рысаванне. Прага да ведаў прывяла яго на філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытуту імя А. С. Пушкіна, дзе ён навучаецца завочна і ў 1961 годзе заканчвае вучобу.

Але яшчэ да заканчэння, у 1960 годзе ён пераходзіць на работу літаратурным супрацоўнікам Ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда», тут у 1958 годзе былі надрукаваныя яго першыя вершы. Жаданне пісаць самому, захапленне паэзіяй і літаратурай перамаглі ў ім школьнага настаўніка. Яму хацелася быць непасрэдна там, дзе ішла праца над словам. Гэты перыяд у жыцці стаў лёсавызначальным. І здарыўся той пералом дзякуючы сустрэчы Міхася Рудкоўскага з таленавітымі журналістамі і пісьменнікамі Васілём Праскуравым (ён быў на той час рэдактарам Ганцавіцкай раёнкі), Іванам Кірэйчыкам, Міхасём Дубянецкім. Міхась Рудкоўскі цалкам аддае сябе літаратурнай рабоце. Ён не толькі піша вершы, але і рэдагуе вершы пачаткоўцаў, самабытных аўтараў, адказвае на лісты, пры гэтым – на кожны, з уважлівым разборам твораў, з добразычлівасцю клапатлівага настаўніка. Піша агляды творчасці, рыхтуе літаратурную старонку, якая стала займае цяпер сваё месца ў газеце.

На гэты час Міхась Рудкоўскі быў ужо жанаты, у сям’і нарадзіўся сын (у 1959 г.).

Калі Васіль Праскураў дапамог раскрыцца Міхасю Рудкоўскаму як паэту і паспрыяў абранню сапраўднага шляху ў жыцці, дык Уладзімір Калеснік, які ўважліва сачыў за паэтам з часоў навучання таго ў інстытуце, зрабіў усё магчымае, каб талент і здольнасці Міхася Рудкоўскага раскрыліся напоўніцу ў высакароднай справе служэння літаратуры. Дзякуючы падтрымцы Уладзіміра Калесніка Міхась Рудкоўскі пераязджае ў Брэст, дзе з 1962  па 1981 гады працаваў старшым рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных праграм Берасцейскай абласной студыі тэлебачання.

Міхась Рудкоўскі, Уладзімір Калеснік, Алесь Каско на Ганцаўшчыне

Апроч гэтай работы, ён узваліў на свае плечы (бо ж хто цягне, на таго і падкладваюць) літаральна ўсю працу з творчай моладдзю Берасцейшчыны: піша агляды творчасці маладых і сталых літаратараў, адгукаецца крытычнымі артыкуламі, рыхтуе літаратурную старонку ў  абласной газеце “Заря”, дзе працуе пазаштатным літаратурным кансультантам. І – шматлікія сустрэчы з чытачамі, заахвочванне ствараць пра роднае на роднай мове, літаральнае выхаванне юных творцаў.

На асноўнай рабоце Міхась Рудкоўскі звяртаецца і да краязнаўства, багатай гісторыі вёсак і гарадоў, аб’ездзіў усю вобласць, пабываў далёка за яе межамі. Карысць ад такіх паездак была двайная: стваралася кіно і насычалася душа паэта новай прыгажосцю, якая пасля лілася з ягонага сэрца паэтычнымі радкамі.

Што тычыцца вершаў, дык першыя з іх склаліся Міхасём яшчэ вучнем чацвёртага класа. У старэйшых класах ён піша розныя допісы і невялікія вершы і адпраўляе іх у дзіцячыя газеты і часопісы краіны. Ужо студэнтам ягоныя вершы ахвотна друкуюць часопіс “Маладосць”, газета “Чырвоная змена”, абласная газета “Заря”.

Прафесійная дзейнасць, як ужо гаварылася, спрыяла нараджэнню новых вершаў – і Міхась Рудкоўскі пісаў многа. Першы зборнік паэзіі выйшаў у 1963 годзе пад назвай “Першыя вёрсты”. А потым выходзяць наступныя: «Сінія Брады» (1967),  «Позвы» (1971), «У краі тым…» (1975), «Векавечная бацькаўшчына» (1976), «Трыгор’е» (1981), «Засцярога» (1984), «Залатазвон» (выбранае, 1986), «Да пребудешь ты в мире всегда» (1990, у перакладзе на рускую мову С. Красікава). Будзе падрыхтаваны яшчэ адзін зборнік – «Гарынь», але, на жаль, Міхась Рудкоўскі не зможа патрымаць яго ў руках – цяжкая хвароба забярэ яго з ліку жывых у 1991 годзе. Зборнік пабачыць свет на наступны год.

Дарэчы заўважыць, што многія свае вершы паэт адрасаваў сваім землякам, суседзям, апяваючы іхні штодзённы клопат, падзяляючы з імі іх трывогі. Былі ў Міхася Рудкоўскага прысвячэнні і іншага кшталту – родным адметным мясцінам, гарадам. Вось прысвячэнне роднай вёсцы Востраў:

Што, дружа мой, і ты успомніў востраў,

сяло па-над Начанкай прыгадаў,

адкуль мы паляцелі у даросласць,

як птушаняты з цёплага гнязда?

Мы дзверы інстытутаў адчынялі,

а ён паціху жыў – касіў, араў.

Усё радзей яго мы ўспаміналі,

а ён ніколі нас не забываў.

І слаў лісты нам, слаў кавалкі сала,

што браў на дне прасоленых кублоў.

Знімаў кажух з плячэй сваіх, бывала,

калі каму з нас холадна было.

Таму цяпер, саскочыўшы з машыны,

мужчыны, што пабачылі ўсяго,

нібы зайцы ад паху канюшыны,

п’янеем мы ў ваколіцах яго…

Асобное месца ў такіх прысвячэннях – бацьку і маці. Пра іх ён пісаў: “Бацька, Міхаіл Іванавіч, сёння паўстае перада мною жывым увасабленнем сялянскай працавітасці, сілы і здатнасці. Араць – дык араць, касіць – дык касіць, весяліцца – дык весяліцца!.. Калі ж арганізаваўся калгас і пачаліся розныя няўладзіцы жыцця, амаль усе клопаты пра сям’ю ляглі на душу мацеры, Марыі Юльянаўны. Тут ужо, як пчала, шчыравала яна…”.

Маці ж займала асаблівае месца ў хаце і жыцці паэта, што адкрылася яму пасля яе смерці:

Чамусьці бацькоўская хата без маці –

Што грудзі жывыя без сэрца.

Аддаючы даніну памяці і павагі двое ягоных сяброў-паплечнікаў Мікола Пракаповіч і Алесь Каско створаць зборнік “Трохперсцце” у 2008 годзе, і трэцім аўтарам зборніка стане ён, Міхась Рудкоўскі. Зборнік атрымае Брэсцкую абласную літаратурную прэмію імя Калесніка ў намінацыі “Паэзія”.

Уладзімір Калеснік: “Іронія, сарказм, гратэск, фарс – усё гэта вымушаныя абставінамі рэагаванні паэта, яго душы, якая прагне жыць сумленна і разумна ў сумленным і разумным чалавечым свеце. Так, душа паэта ведае, што не спасцігла ўсёй сутнасці быцця, але не здасца яна на ласку моды, не клюне на прынаду таннага поспеху, бо знаёмы ёй спрадвечны вопыт народу, мудрасць вякоў, каштоўнасці сапраўдныя і хуткаплынныя. Сучаснасць тады набывае цану, калі вытрымлівае выпрабаванне кантэкстам вечнасці”.

Віктар Гардзей: “Сапраўдны рамантык, летуценнік і аптыміст, Міхась Рудкоўскі, хаця мы зналіся і сябравалі добрую чвэрць веку, ні ў маладыя, ні ў сталыя гады, здаецца, ні разу не паскардзіўся на сум і адзіноту. Ды гэтая скарга ўсё часцей і часцей, а з узростам дык асабліва, прарываецца ў ягоныя вершы, і сёння, калі перачытваеш напісанае, дакладней, выпакутаванае ім, без ніякага ценю сумнення пераконваешся: такі паэт нам быў патрэбны, і ён прыйшоў, і сказаў свае, Богам дадзеныя, словы, нягледзячы на крутыя павароты ўласнага жыцця. …Збавеннем для спакутаванай і збалелай душы заўсёды былі вершы — вершы без фальшу і гучных падробак, і, можа, іменна таму ў паэзію Міхася Рудкоўскага ўваходзіш як у храм гармоніі і хараства, праўдзівай спавядальнасці і ачышчэння душы, рамантычна-ўзнёслых і ўзвышаных пачуццяў. У храме, між іншым, ёсць месца прароцтву. На першы погляд, нявінны радок «Паэт — агонь, таму згарэў так рана» ў свой час выклікаў пратэст у шаноўнага крытыка Уладзіміра Калесніка, які залічыў яго на кошт звычайнай творчай дэпрэсіі. Аднак праўда за Міхасём Рудкоўскім: паэт – агонь. Здзіўляе, што эпіграфам да «Самотнага санета» ён паставіў словы М. Лынькова: «Як позна-позна! I як рана-рана!»

На радзіме Міхася Рудкоўскага, у вёсцы Востраў, створаны літаратурны музей, экспазіцыі якога расказваюць аб жыцці, творчасці слыннага земляка. Востраўская школа носіць імя Міхася Рудкоўскага, дзве вуліцы – у роднай вёсцы і ў Ганцавічах, названы імем паэта. У Брэсце на доме па вуліцы Маскоўскай, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Шыльда на доме ў Брэсце

Магіла паэта на кладах у роднай вёсцы Востраў

Мікола Асавец, для bellit.info

Фота: Ганцавіцкі рэгіён