19 кастрычніка ў 15:00 Музей гісторыі горада Мінска запрашае ў Мінскую гарадскую ратушу на лекцыю-прэзентацыю кнігі прафесара, доктара гістарычных нувук Аляксандра Гужалоўскага “У светлую будучыню! Беларускае грамадства эпохі «адлігі» (1953—1968)”.
Аляксандр Гужалоўскі закране ў сваёй лекцыі найбольш значныя аспекты з жыцця беларускага грамадства перыяду “адлігі”. У адных гэтая эпоха асацыіруецца з крытыкай культа асобы, рэабілітацыяй ахвяр палітычных рэпрэсій, сацыяльна-палітычнай лібералізацыяй грамадскага жыцця. Другія лічаць галоўнымі маркерамі часу дасягненні навукова-тэхнічнай рэвалюцыі – засваенне космасу і мірнай атамнай энергіі, першыя электронныя вылічальныя машыны і аўтаматызацыю вытворчасці. Трэція згадваюць рэфарматарскую дзейнасць Хрушчова, у тым ліку дэцэнтралізацыю і пашырэнне правоў саюзных рэспублік, пераход ад галіновай да тэрытарыяльнай сістэмы кіравання, а таксама захады па паляпшэнню матэрыяльнага жыцця людзей. Для чацвёртых эпоха “адлігі” – гэта, перш за ўсё, карыбскі крызіс, цаліна, кукурузная эпапея і праграма пабудовы камунізму. Нарэшце, пятыя ў цэнтр увагі змяшчаюць духоўнае абнаўленне грамадства, узнятая “шасцідзясятнікамі” новая хваля ў літаратуры, кінематографе, жывапісе, тэатры.
З выкарыстаннем вялікай колькасці архіўных першакрыніц, перыядычных выданняў, гістарычнай літаратуры ў кнізе разглядаецца гэты важны перыяд беларускай савецкай гісторыі. Крытыка культу асобы і рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій, асваенне космасу і мірнай атамнай энэргіі, эканамічныя рэформы і паляпшэнне матэрыяльнага жыцця людзей, нарэшце, спроба фарсіраванай пабудовы камунізму незваротна змянілі беларускае грамадства. Сабраныя пад адной вокладкай разнастайныя сюжэты ствараюць стэрэаскапічную карціну жыцця тагачаснага беларускага соцыуму, раскрываюць унутраную логіку яго развіцця. Выданне разлічана на спецыялістаў-гісторыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі найноўшага часу.
Уваходны білет: 3 рублі.
Мінская гарадская ратуша
пл. Свабоды, 2А
+375 17 270 43 66
minskmuseum.by
Кнігу можна купіць праз сайт Kniger.by. А таксама ў краме ў самым цэнтры Менску: ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41-42 (станцыі метро Купалаўская і Кастрычніцкая), час працы з панядзелка па пятніцу з 11 да 18.30, субота з 11 да 17, нядзеля з 11 да 16.