“Паліяну” Элінор Потэр ужо можна купіць у кнігарнях

Ініцыятыва “Кніжны рысь”, якая займаецца выданнем сямейных кніг па-беларуску, выпусціла анансаваны раней пераклад знакамітага дзіцячага твора Элінор Х. Потэр “Паліяна”. Пераклад з ангельскай здзейсніў Францішак Корзун, а ілюстрацыі намалявала Дар’я Заяц. Рэдактары —Марына Казлоўская і Надзея Кім.

Анатацыя:

«Паліяна» – адна з самых вядомых дзіцячых кніг у свеце. Гэта гісторыя пра маленькую дзяўчынку, якая ўмее знаходзіць, чаму парадавацца ў любых абставінах. Пасля смерці бацькоў адзінаццацігадовую Паліяну з пачуцця абавязку бярэ да сябе яе цётка. Паліяна вучыць усіх навокал “гуляць у радасць” так што ўвесь горад перамяняецца і нават самыя зласлівыя і няшчасныя людзі пачынаюць зноў радавацца жыццю. Але надыходзіць час выпрабаванняў і для самой Паліяны. Ці зможа яна знайсці, чаму парадавацца ў такіх абставінах?

Перкладчык Францішак Корзун, які вядомы чытачам па перакладзе кнігі Клайва Стэплза Льюіса “Лісты Круцяла” напісаў у сацсетках пра сваё даўняе захапленне гэтым дзіцячым творам. На жаль, радасць ад з’яўлення новай кнігі па-беларуску азмрочаная трагнічнай смерцю Дар’і Заяц ў 2023 годзе.

“…Вялікі дзякуй і светлая памяць мастачцы Дар’і Заяц за цудоўныя ілюстрацыі, за ўвесь візуальны вобраз беларускай “Паліяны”. Шкада, што яна не дажыла да выхаду гэтай кнігі”, — піша перакладчык.

Кніга надрукавана выдавецтвам “КапіталПрынт”, мае цвёрдую вокладку, шчыльную паперу, 272 старонкі і каляровыя ілюстрацыі.

Купіць навінку можна ў Менску ў “Акадэмкнізе”, кнігарні “Параграф 45”. Неўзабаве з’явіцца і ў іншых кнігарнях горада.