У межах праекту #FreeAllWords, мэтай якога ёсць міжнародная падтрымка аўтараў, што крытыкуюць вайну і абараняюць правы чалавека, з’явіліся пераклады твораў паэта Уладзіміра Някляева на французскую і ангельскую мовы.
Вершы Уладзіміра Някляева на ангельскую мову пераклалі Джон Фэрндан (John Farndon) і Жэня Міронава (Jenya Mironava). А па-французску тэксты беларускага паэта загучалі дзякуючы Крысцін Білярэ (Christine Biloré).
На сайце праекту ёсць адмысловая аўтарская старонка Уладзіміра Някляева, дзе змешчана біяграфія і фотаздымак, а таксама спасылка на вершы ў арыгінале і ў новых перакладах.
Агулам на дадзены момант у праекце ўдзельнічае амаль 50 аўтараў, каля 30 з іх — прадстаўнікі Беларусі, каля 20 — Украіны. Сярод удзельнікаў, у тым ліку: праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева, былы палітзняволены Анатоль Хіневіч. Паэтка Іна Снарская — ураджэнка Полацка, якая ўжо шмат год жыве ва ўкраінскай Палтаве. Ва Украіне знаходзяцца і такія аўтары праекту як харкаўскія паэты Алэксандр Бабошка і Андрый Кастынські, палтаўскі паэт Алег Шапашнікаў, паэткі і даследчыцы з Кіеву Надзія Гаўрылюк і Тэцяна Малэнька і іншыя літаратары, праваабаронцы, гісторыкі.
З аўтарскімі тэкстамі ў ініцыятыве працуюць 43 спецыялісты. Творы ўдзельнікаў перакладаюцца на 13 еўрапейскіх моў — ангельскую, венгерскую, дацкую, гішпанскую, італьянскую, латышскую, літоўскую, нарвежскую, нямецкую, партугальскую, румынскую, фінскую і французскую.
Загалоўнае фота: крыніца