Нацбібліятэка набыла Псалтыр, перакладзены і выдадзены Сімяонам Полацкім

Напярэдадні юбілею з дня нараджэння ўраджэнца Полацка, выбітнага царкоўнага, дзяржаўнага і культурнага дзеяча іераманаха Сімяона Полацкага (1629–1680) Нацыянальная бібліятэка Беларусі набыла рэдкі экзэмпляр “Псалтири рифмотворной”, надрукаванай у 1680 годзе.

Выданне выйшла ў свет у Маскве, у Верхняй друкарні, якую арганізаваў Сімяон Полацкі, тлумачаць у навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства.

Псалтыр – адна з галоўных навучальных і богаслужбовых кніг, а таксама адзін з першых біблейскіх тэкстаў, перакладзеных на славянскую мову. Сімяон Полацкі першым ажыццявіў поўны пераклад гэтай біблейскай кнігі сілабічным вершам.

Выданне ўключае тры прадмовы аўтара, сам тэкст “Псалтири рифмотворной”, а таксама старазапаветныя “песні”, “малітвы” і “месяцеслов” у вершаваным перакладанні. Прадмовы Сімяона Полацкага звернутыя да цара Феадора Аляксеевіча і набожных чытачоў, адна з прадмоў напісана таксама ў вершаванай форме.

На адной са старонак Сімяон Полацкі упершыню для Масковіі выкарыстаў друкарскую гульню: пачаў набор фразы “Псалмы пойте Богу нашему” з цэнтра наборнай паласы, так што фразу можна чытаць і злева направа, і справа налева, і знізу ўверх, і зверху ўніз.

Кніга багата ўпрыгожана застаўкамі, канцоўкамі, ламбардамі, наборнымі ўпрыгажэннямі. Уключае гравюру цара Давіда ў выкананні вядомага іканапісца Сімона Ушакова. Выява стала наватарскай для свайго часу. Вобраз цара Давіда выкананы рэалістычна, трактоўка задняга плана гравюры вырашана прасторава і ў перспектыве.

На палях кнігі ёсць рукапісныя нотныя радкі. Паклаў вершы на музыку ў 1685 годзе царскі пеўчы дзяк, кампазітар Васіль Цітоў (каля 1650 – 1710).

Як адзначаў Сімяон Полацкі, кніга прызначалася не для царкоўна-богаслужбовага ўжывання, а для хатняй патрэбы чытача, які шануе рыфматворную гаворку.

“Псалтирь рифмотворная” з’яўляецца помнікам кніжнай культуры XVII стагоддзя і ўяўляе вялікую цікавасць для даследчыкаў.

фота https://www.nlb.by/