Выдавецтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава выпусціла невялікім накладам краязнаўчую кнігу празаіка, публіцыста і педагога Франца Сіўко. Кніга з назвай “Фабрыка Міжрэчча. Ад паперні да вадасапада” прысвечаная родным мясцінам Віцебшчыны і цяпер даступная ў PDF-фармаце.
Анатацыя:
На мяжы XIX–XX стагоддзяў прыкладна дзесяцікіламетровая адлегласць ніжняга цячэння ракі Вяты, левага прытока Заходняй Дзвіны, змяшчала шэсць вадзяных прадпрыемстваў. Найбольш вядомае з іх – паперня (пазней – млын, затым – гідраэлектрастанцыя) у фабрычным пасяленні (асадзе) Міжрэчча. Гісторыі яго з’яўлення і зменам профіляў вытворчасці і, адпаведна, трансфармацыям назвы прысвечана гэтае ілюстраванае эксклюзіўнымі фотаздымкамі выданне.