Змясціць у невялікі нарыс такую асобу, як Уладзімір Калеснік, немагчыма. Ягоны шлях яшчэ чакае сваіх грунтоўных даследаванняў, бо ўпоравень з феноменам шасцідзясятнікаў мы маем усе падставы казаць і пра феномен Уладзіміра Калесніка – чалавека і навукоўца, настаўніка і даследчыка, прафесара і рамантыка, які здолеў адзін столькі, колькі льга добрай камандзе ды яшчэ з добрымі прэферэнцыямі.
Мабыць, нам найперш важна будзе зразумець той час і абставіны, у якіх жыў і працаваў Уладзімір Калеснік. Дык вось, сам ён, партызан, узнагароджаны ордэнамі, медалямі, лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі БССР імя Якуба Коласа і Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа і ўрэшце заслужаны работнік вышэйшай школы БССР, прафесар – так і застаўся кандыдатам філалагічных навук. Як, чаму? Ці не ў тым прычына, што ягоная дзейнасць праходзіла ў абласным цэнтры? Дактары навук – гэта эліта, а эліта – у сталіцы, у Мінску…
Такім чынам, бытавое меркаванне, што сапраўдная навука – а з ёй і літаратура, мастацтва, культура – можа існаваць толькі ў цэнтры краіны, была амаль што афіцыйна замацавана ў пісаных і няпісаных цыркулярах чыноўнікаў. 60-ыя гады ХХ стагоддзя – гэта жорсткі падзел літаратараў і літаратуры на “сапраўдную”, якая мела магчымасць адно знаходзіцца ў Мінску, і перыферыйную: абласную, местачковую, правінцыйную. Да паэтаў і пісьменнікаў нават з таго ж Брэста ставіліся як да аматараў-пачаткоўцаў з усімі наступствамі ад гэтага стаўлення.
Першая звышзадаача Уладзіміра Калесніка, якую ён з годнасцю выканаў: ён здолеў паказаць “абласную” літаратуру як сапраўдную, ніколькі не ніжэйшую у сваёй прафесійнасці і багацці за “сталічную”. Сваімі літаратуразнаўчымі работамі ён змог зацікавіць усю літаратурную грамадскасць творчасцю гэтых самых “аматараў і самабытных аўтараў”. У кнізе “Зорны спеў : літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды” ён знаёміць чытачоў з новымі імёнамі, доказна раскрывае іх талент. За гэтую кнігу яго не раз упікалі сталічныя мэтры. За “мясцовы патрыятызм”, маўляў, занадта хваліш мясцовых. Але Уладзімір Калеснік не здаецца, ідзе далей і глыбей. І калі раней, кажучы пра літаратуру Заходняй Беларусі, згадвалі адно імёны літаратараў-рэвалюцыянераў, якія у свой час займаліся падпольнай дзейнасцю, сядзелі ў польскіх турмах і “сустракаліся на барыкадах”, то Уладзімір Калеснік “ажывіў” дзясяткі імёнаў, капнуўшы глыбока ў гісторыю Берасцейшчыны: Казімір Сваяк, Антон Навіна, Iгнат Канчэўскі, Наталля Арсеннева, Уладзімір Жылка, Гальяш Леўчык, Алесь Салагуб, Iгнат Дварчанін, Леапольд Родзевіч…
Другая звышзадача літаратуразнаўцы і чалавека Адраджэння Уладзіміра Калесніка – вяртанне да жыцця ў літаратуры такога паняцця як нацыянал-рамантызм.
На той час у Савецкім Саюзе партыя афіцыйна абвясціла курс на стварэнне адзінай нацыі – “савецкага чалавека”. І адкрыта стаць на нацыянальныя пазіцыі, адстойваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, адкрываць для яе надзейны падмурак было проста небяспечна. Тым не менш, грунтоўна вывучаючы дзейнасць падпольнай камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, Уладзімір Калеснік бачыў у ёй менавіта нацыянальны складнік, які быў пашыраны і на літаратурную дзейнасць. Калеснік раскрыў нацыянал-рамантызм на прыкладзе твораў Скарыны, Гусоўскага, Купалы, Жылкі, паказаў актуальнасць і жыццёвую неабходнасць яго ў цяперашні час. Ён фактычна адкрывае наноў у рэчышчы нацыянал-рамантызму паэтак Арсееневу і Геніюш. Пра дзейнасць Уладзіміра Калесніка ў кірунку нацынал-рамантызму Міхась Тычына пісаў: “Думка, што нацыянальная літаратура, па сутнасці, стварае сваю легенду пра народ і што з духоўным пасталеннем народа гэта легенда становіцца рэальнасцю, большай, чым любая фізічная абалонка рэчаў, стала пафасам яго апошніх гадоў жыцця і творчасці. Бо што ёсць наогул чалавечая культура, як не створаная ўсімі папярэднімі пакаленнямі легенда, версія, міфалогія, у атмасферы якой мы ўсе жывём, якой дыхаем, не прыкмячаючы гэтага штохвіліны, бо яна паўсюль, яна ў кожным з нас, стала нашай сутнасцю”.
з Янкам Брылём
Важна яшчэ адзначыць і тое, што раскрываючы літаратурны пласт Берасцейшчыны, Уладзімір Калеснік гэтак жа рупіўся і аб краязнаўчым аспекце. Па сутнасці, ён першым зрабіў крокі ў гэтым кірунку, указваючы дарогу наступнікам.
Трэцяя звышзадача Уладзіміра Калесніка – настаўнічанне. Па сутнасці, ён стаў духоўным бацькам знаным паэтам Міхасю Рудкоўскаму, Алесю Разанаву, Васілю Жуковічу, Міколу Купрэеву, Юрыю Паталкову, Кастусю Жмінько, Мікалаю Пракаповічу, Алесю Каско, Мікалаю Аляхновічу, Зінаідзе Дудзюк і многім іншым.
“Берасцейскае вогнішча”
Трэба разумець, што ў тыя часы, калі абласная газета “Заря” была рускамоўнай, жменька берасцейскіх беларускамоўных паэтаў, па сутнасці, гублялася сярод кагорты рускамоўных версіфікатараў. Ім было не тое што складана патрапіць у друк, але нават з’яднацца, адчуць сваю датычнасць да літаратурнага працэсу. Уладзімір Калеснік стаў і мозгам, і сэрцам, і рухавіком літаратурнага аб’яднання “Берасцейскае вогнішча” пры абласной газеце, доўгія гады ён кіраваў ім. Сярод першых сяброў аб’яднання былі Мікола Засім, Ніна Мацяш, Яўгенія Янішчыц, Васіль Праскураў, рускамоўны Аляксандр Авечкін… На пасяджэннях літаб’яднання панавала сапраўдная творчая атмасфера, добразычлівая і дзелавая адначасова. Тут ладзіліся агульнагарадскія вечарыны-сустрэчы, на якія Уладзімір Калеснік запрашаў Янку Брыля, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Алега Лойку, Ніну Мацяш, а яшчэ раней былі сустрэчы берасцейскіх літаратараў з Уладзімірам Караткевічам, Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам, Аляксеем Карпюком. У газетных допісах Уладзімір Калеснік расказваў пра бягучыя справы літаб’яднання, змяшчаў крытычныя агляды, пісаў рэцэнзіі на асобныя творы. І пачаткоўцы, і сталыя паэты, пісьменнікі лічылі за гонар быць у коле зацікаўленняў Калесніка-крытыка.
Кажучы мовай правінцыйнага журналіста, пачынае кіпець літаратурнае жыццё і ў самім інстытуце. Уладзімір Калеснік прыглядваецца да кожнага студэнта, апекваецца тымі, хто робіць першыя творчыя крокі, беспамылкова вызначаючы талент і садзейнічаючы ягонаму раскрыццю. Па вялікім рахунку, у кожным выпуску інстытута знаходзіцца адна яскравая постаць літаратара, узрошчаная Уладзімірам Калеснікам. Пасля стварэння Берасцейскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Калеснік колькі гадоў узначальвае яе.
У дзень адкрыцця Берасцейскай абласной філіі Саюза пісьменнікаў
Пэўна ж, нехта да гэтых трох звышзадач дадасць яшчэ нейкія важныя аспекты. Адно безумоўна: нават любая з прыведзеных вышэй абласцей дзейнасці Уладзіміра Калесніка для поўнага раскрыцця ягонай асобы і ролі запатрабуе не адну старонку.
І во ўсім гэтым ёсць адзін цікавы момант: для Уладзіміра Калесніка, сапраўднага патрыёта заходняга рэгіёна, Берасцейшчына не была радзімай. Ды стала.
Ён нарадзіўся 17 верасня 1922 г. у в. Сіняўская Слабада Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер – Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і.
Закончыў сямігадовую школу ў Ярэмічах, у 1936 г. паступіў у Навагрудскую гімназію імя А. Міцкевіча. Падчас навучання Уладзімір Калеснік захапіўся маляваннем, нават самастойна вывучаў тэорыю, бачыў сябе будучым крытыкам жывапісу. Але ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР паступае вучыцца ў Навагрудскае педагагічнае вучылішча.
Потым – Вялікая Айчынная вайна. Уладзімір Калеснік – падпольшчык і ўдзельнік баявых дружын у Мірскім раёне Баранавіцкай вобласці. З лета 1942 г. – партызан атрада імя Чапаева, кулямётчык, падрыўнік, камандзір узвода. Праз год, у 1943 – начальнік штаба атрада «2-гі Камсамольскі» брыгады «Камсамолец» Баранавіцкага злучэння. Двойчы паранены.
У ліпені 1944 года, пасля вызвалення ад акупацыі, Уладзімір Калеснік працуе ў Мірскім райваенкамаце, пасля настаўнікам у Луцкай школе для ваеннаабавязаных. У 1945 годзе паступае ў Мінскі педагагічны інстытут, заканчвае яго ў 1949 годзе. Далей – аспірантура, якую заканчвае ў 1952 годзе. Падчас навучання ў аспірантуры Уладзімір Калеснік выступае ў перыядычным друку як літаратурны крытык. Дарэчы, да гэтай дзейнасці схіліў яго Янка Брыль – яны пасябравалі яшчэ ў партызанах.
З Янкам Брылём у велавандроўцы, пачатак 1950-х
Пасля заканчэння аспірантуры Уладзімір Калеснік назначаецца загадчыкам кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута. Але жыццё дае круты паварот – у 1954 годзе Уладзімір Калеснік пераязджае ў Брэст, дзе пачынае працу ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна. З 1956 па 1988 год ён – загадчык кафедры беларускай літаратуры. Тут абараняе кандыдацкую дысертацыю (у 1958 годзе), атрымлівае вучонае званне прафесара (у 1983 годзе).
Тут, у Брэсце, Уладзімір Калеснік ажаніўся з Зосяй Міхайлаўнай у 1958 годзе, ягоная жонка стала яму сапраўдным сябрам і дарадцам, памочнікам і аднадумцам.
З жонкай Зосяй
Цікава, што даўняе захапленне ў гімназіі жывапісам не згубілася ў жыцці: Уладзімір Калеснік знаходзіў час, каб пісаць акварэллю і алейнымі фарбамі пейзажы, любіў фатаграфаваць і рабіў гэта з добрым майстэрствам, выразаў па дрэве. І быў заядлым рыбаком. Для інтэлігенцыі Бересцейшычы ён быў неаспрэчным аўтарытэтам, а што тычыцца літаратурна-культурнага асяродку, дык тут ён быў амаль што кумірам. Моладзь захаплялася ім, бачачы ў выкладчыку і настаўніка, і таварыша, і сябра..
Нацыянальная ідэя сталася для Уладзіміра Калесніка сапраўды вялікай ідэяй. Для яе сцвярджэння ён дзейнічаў мэтанакіравана і напорыста, цалкам усведамляючы магчымыя наступствы. Ён пісаў: “Вызваленчаму руху прыгнечаных нацый заўжды не хапае кадраў патрыятычнай інтэлігенцыі, не стае творцаў і пашыральнікаў ідэй, таму расце высокі прэстыж духоўных каштоўнасцяў усіх відаў. Праблемай усведамлення народа займаюцца практычна ўсе актывісты – ад палітычных дзеячаў да паэтаў”. Як ніхто іншы, ён бачыў выключную ролю літаратуры ў станаўленні нацыянальнай свядомасці беларусаў і ідэалогіі нацыянальнага адраджэння.
Уладзімір Калеснік напісаў больш дзясятка кніг літаратурна-крытычных нарысаў, літаратурных партрэтаў, дакументальна-мастацкіх аповесцяў, палемічных артыкулаў, рэцэнзій, падручнікаў і дапаможнікаў для педінстытутаў і універсітэтаў. Аўтар больш за шэсцьсот розных публікацый самай шырокай тэматыкі: фальклор, заходнебеларуская літаратура, беларуская старажытная літаратура, постаці Скарыны, Гусоўскага, Купалы, Жылкі, Танка, Брыля. Ён аналізаваў сучасную паэзію, рабіў пераклады беларускай паэзіі на польскую мову.
Двайныя партрэты з Уладзімірам Караткевічам: Янка Брыль і Уладзімір Калеснік
Выйшлі кнігі “Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура” (1959), “Час і песні” (1962), “Зорны спеў” (1975), “Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі” (1977), “Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці” (1981), “Лёсам пазнанае: Выбраныя літаратурныя партрэты” (1982), “Тварэнне легенды” (1987), “Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці” (1990). Адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры” (1964), “Истории советской многонациональной литературы” (1971), “Истории белорусской советской литературы” (1977). Напісаў дакументальныя творы “Аповесць пра Таўлая” (часопіс “Полымя”, 1964-1965), “Пасланец Праметэя” (1984). Склаў зборнікі паэзіі Заходняй Беларусі “Сцягі і паходні” (1965) і “Ростані волі” (1990), “Усё чалавечае” (1993).
Асобна трэба адзначыць кнігу “Я з вогненнай вёскі…” (1975), напісанай у суаўтарстве з Янкам Брылём і Алесем Адамовічам. Гэта кніга сталася сапраўднай падзеяй у літаратуры, яна заснавала сабой новы жанр, упершыню паказала вайну не як “будні герояў”, а як жах і смерць. Праца над кнігай, шматлікія камандзіроўкі і сустрэчы з людзьмі вельмі паўплывалі на саміх аўтараў, у тым ліку і на Уладзіміра Калесніка. Нельга было напісаць такую кнігу і застацца ранейшым.
Пад час працы над кнігай “Я з вогненнай вёскі…”
Крэда Уладзіміра Калесніка як навукоўца, чалавека і творцы: «Пісаць – значыць дзяліцца перажытым і перадуманым, дзяліцца не толькі з ласкавай шчодрасці, а і з чалавечага абавязку, дзяліцца станоўчым і адмоўным, пакланеннем красе і асуджэннем агіднасці, суцішэннем спакус і адольваннем зла ў сабе».
Алег Лойка: «Быў ён чалавекам Адраджэння, як і быў Асветнікам, энцыклапедыстам – з тонкім профілем твару, што так нагадваў мне заўжды хрэстаматыйныя профілі французскіх энцыклапедыстаў-асветнікаў Дзідро ці Мантэск’е. Энцыклапедыст – фаварыт факта, фактазнаўца і сістэматызатар. Літаратурная энцыклапедыя літаратуры Заходняе Беларусі, заходне-беларускага літаратурнага руху 20-30-х гадоў нашага стагоддзя, гісторык літаратуры, выдавец анталогій, любімы прафесар студэнтаў і паэтаў Берасцейскага вогнішча».
На доме ў Брэсце, дзе жыў Уладзімір Калеснік, усталявана мемарыяльная дошка, бібліятэцы ў мікрараёне “Усход” г. Брэста прысвоена яго імя. Брэсцкі аблвыканкам заснаваў аласную літаратурную прэмію імя У. Калесніка. У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце існуе стыпендыя імя У. Калесніка. Там жа працуе навукова-асветны цэнтр імя У. Калесніка, ля вытокаў стварэння якога стаяла яго жонка, Зося Міхайлаўна. У цэнтры, апроч іншага, знаходзяцца фотаздымкі, скульптуры, выразаныя з дрэва, карціны, створаныя Уладзімірам Калеснікам.
І толькі адно пытанне казыча непрыемна: ці ўсе кнігі, што ганаруюцца сёння прэміяй ягонага імя, аднёс бы Уладзімір Калеснік да літаратуры, а іх аўтараў – да паэтаў ці пісьменнікаў…
Уладзімір Андрэевіч Калеснік (17 верасня 1922, в. Сіняўская Слабада, Навагрудскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка – 15 снежня 1994, Брэст) – беларускі літаратуразнавец і крытык. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны работнік вышэйшай школы БССР, кандыдат філалагічных навук, прафесар.
Мікола Асавец, для bellit.info
Photo: brsu.by