Графіку Быкава цяпер пакажуць у Менску

У Менску ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 25 студзеня адкрыецца выстава, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава. Адметнасць часовай экспазіцыі “Жыццё праз абрысы і лініі” ў тым, што яна мае не толькі дакументальна-літаратурны складнік, але пакажа Васіля Быкава як мастака.

У 1939 годзе, пасля сканчэння 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, будучы пісьменнік паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднак увосень 1940 года, у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый, вымушаны быў пакінуць навучанне. Пасля вайны і дэмабілізацыі ў 1947-м Быкаў прыехаў у Менск, дзе зноў планаваў паступіць у мастацкую вучэльню. Але ў выніку трапіў у Гродна, дзе некаторы час працаваў у мастацкіх майстэрнях, расказваюць арганізатары выставы.

У кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому” Васіль Быкаў пісаў: “Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый. Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых”.

На выставе будзе прадстаўлена больш за 70 графічных і жывапісных работ Васіля Быкава. Краявіды, хаткі, падворкі з часоў дзяцінства, успаміны аб вайне, выпадкі з жыцця, самаіранічныя замалёўкі, засваенне аўтамабільнай справы, будаўніцтва дачы ў Ждановічах – вось тое, што замалёўваў пісьменнік.

Адкрыццё 25 студзеня ў 17:00
Працягнецца да 5 траўня
Адрас: г.Мінск, вул.М.Багдановіча, 13

У верасні-кастрычніку аналагічная выстава “Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі” праходзіла ў Віцебску, горадзе, які цесна звязаны з імем пісьменніка.