Выдавец Раман Цымбераў выпусціў асобнай кнігай кароткія зацемкі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна — “Пястачкі. Лірычна-роздумны канспект жыцця…”. А 24 лютага адкрыецца выстава “Жыццё. З такімі хітрымі вачыма…”, прысвечаная 90-годдзю паэта.
У кнізе “Пястачкі. Лірычна-роздумны канспект жыцця…” сабраныя кароткія запісы Рыгора Барадуліна, якія раней друкаваліся ў ягоным 11-томным выданні “Дзеннікі і запісы. 1951-2014”, што выходзіў у 2015—2022 гадах. Разнастайныя зацемкі хораша дапаўняюць партрэт паэта, летапіс ягонага жыцця, інтарэсаў і назіранняў.
Кніга выдадзеная да 90-годдзя паэта на сродкі укладальніцы кнігі Наталлі Давыдзенкі. Наклад — 50 асобнікаў. Купіць можна праз сайт Kniger.by або ў краме ў ГЦ “Купалаўскі” ў Менску.

А ўжо 24 лютага а 16-й гадзіне Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва запрашае на мерапрыемства з нагоды адкрыцця літаратурна-дакументальнай выставы “Жыццё. З такімі хітрымі вачыма…”.

Паэт, нястомны перакладчык, майстра слова і геній думкі, аптыміст і жартаўнік; шчыры сябра У. Караткевіча, М. Стральцова, В. Быкава, Г. Бураўкіна; пяшчотны сын сваёй маці Акуліны і бацькі Івана, які загінуў у вайну; муж-бацька-дзед; вернік і аўтар духоўнай лірыкі — Рыгор Барадулін пакінуў нашчадкам вялікую спадчыну як у сваіх кнігах, так і ў дакументах. Падчас інтэрв’ю паэт жартаваў, што ён, як і яго блізкія сябры-пісьменнікі, піша не для архіву. Тым больш каштоўнымі становяцца з часам дакументы, якія з’яўляюцца сведчаннем жыццёвага шляху паэта, рэпрэзентуюць яго паэтычную спадчыну, апавядаюць пра сяброўскія і творчыя стасункі.
Выстава “Жыццё. З такімі хітрымі вачыма…” прадстаўляе дакументы, якія былі ў вялікай колькасці атрыманыя Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва як ад самога паэта, так і ад яго даследчыкаў і рэдактараў. Гэта рукапісы і фатаграфіі, ліставанні з роднымі, сябрамі, калегамі, дакументы да біяграфіі паэта, творчыя напрацоўкі.
На мерапрыемства з прэзентацыяй архіўнай выставы запрошаны людзі, якія асабіста ведалі Рыгора Барадуліна, яны падзеляцца сваімі ўспамінамі і пачуццямі ад сустрэч з паэтам-юбілярам.
Калі: 24 лютага, 16:00
Адрас: Менск, вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 (чытальная зала БДАМЛМ)