Аўтографы Якуба Коласа сабралі пад адну вокладку

Дзяржаўны музей Якуба Коласа працягвае даследчыцкую, навукова-пошукавую працу, адным з вынікаў якой стаў каталог Ад усяго сэрца, ад усёй душы: дарчыя надпісы Якуба Коласа на кнігах” (Мінск, выдавецтва “Капитал Принт”, 2023 год), піша Кастусь Лешніца для газеты “Звязда”.

Укладальнікамі па-свойму ўнікальнай (а што яшчэ важна — першай у такім накірунку!) працы з’яўляюцца кандыдат сацыялагічных навук Васіліна Міцкевіч, Наталля Шувагіна-Адамовіч. Кіраўнік праекта — дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс. Рэцэнзентам выступіў доктар філалагічных навук Алесь Бельскі. Аўтарытэт такога калектыву сведчыць, што праца прароблена на высокім навуковым, даследчыцкім і пошукавым узроўні.

З выдавецкай анатацыі да кнігі, якая ўражвае яшчэ і сімпатычным дызайнам, з’яўляецца прыцягальным творам кніжнага мастацтва: «Каталог «Ад усяго сэрца, ад усёй душы» — першая спроба навуковай сістэматызацыі дарчых надпісаў Якуба Коласа на кнігах. Выданне дазволіць забяспечыць навукоўцаў базай для далейшых даследаванняў у галіне літаратуразнаўства і коласазнаўства, паспрыяе папулярызацыі жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, дасць уяўленне аб матэрыялах, якія захоўваюцца ў фондах музея Якуба Коласа. 

Каталог прызначаны для даследчыкаў, навукоўцаў, музейных супрацоўнікаў, выкладчыкаў, настаўнікаў, для ўсіх тых, хто цікавіцца спадчынай народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, гісторыяй беларускай літаратуры. 

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў, у якіх змешчаны храналагічна кнігі з дарчымі надпісамі Якуба Коласа, падараваныя паэтам у 1920-я гады, у 1930-я гады, у 1940-я гады і ў 1950-я гады.

Як фарміравалася калекцыя коласаўскіх аўтографаў на кнігах у музеі, расказваецца ва ўступным артыкуле да каталога (аўтары — В. Міцкевіч, Н. Шувагіна-Адамовіч): “… Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч (малодшы сын Я. Коласа) падказаў назву каталога, ведаў, што бацька заўсёды дарыў свае кнігі ад усяго сэрца і ад усёй душы, любіў надпісваць радкі на памяць чорнымі чарніламі, пяром N 86. 

У фондах … музея захоўваюцца 98 кніг з інскрыптамі паэта. Гэта калекцыя бярэ свой пачатак з 1962 года, калі ў музей была перададзена першая кніга з аўтографам песняра ад пісьменніка і публіцыста Усевалада Азарава. Вялікую пошукавую работу ў гэтым накірунку вёў старэйшы сын Якуба Коласа, першы дырэктар музея Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч, які добра ведаў асоб з акружэння свайго бацькі. Звыш 50 кніг з інскрыптамі Якуба Коласа папоўнілі фонды музея, дзякуючы яго намаганням. Марыя Нічыпараўна Далідовіч і Наталля Аляксандраўна Шувагіна-Адамовіч спрыялі папаўненню калекцыі кнігамі з інскрыптамі паэта, якія былі адрасаваны Максіму Лужаніну. Значны ўнёсак у папаўненне фондаў зрабілі родныя, сваякі і нашчадкі паэта. Сястра Якуба Коласа Алена Міхайлаўна Лойка перадала ў фонды 8 кніг з прысвячэннямі. Кнігі з дэдыкацыямі Якуба Коласа С. М. Гарадзецкаму, А. С. Новіку-Прыбою, Я. В. Астроўскаму папоўніўся збор музея, дзякуючы намаганням унучак песняра Веры і Марыі Міцкевіч. У 2022 годзе ў фонды музея былі перададзены тры кнігі з аўтографамі Якуба Коласа, адрасаванымі А. А. Кетлер, дзякуючы галоўнаму захавальніку фондаў музея Васіліне Міцкевіч

Апісанне кожнага з аўтографаў, кожнай кнігі з аўтографам уяўяляе сабою сапраўднае навукова-публіцыстычнае эсэ. Напрыклад, сярод першых вядомых аўтографаў на кнігах — надпіс на зборніку апавяданняў «У ціхай вадзе» (Менск, Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925 год) Уладзіславу Вікенцьевічу Чаржынскаму (1897 — 1974). Адрасат — беларускі, крытык, літаратуразнаўца, які выступаў пад псеўданімам Уладзіслаў Дзяржынскі. Вось які «дарчы след» пакінуў Я. Колас на тытульным лісце кнігі: «Выдатнейшаму беларускаму літаратурнаму крытыку У. Чаржынскаму ад аўтара. Менск. 30. III. 1925 г.». Дарэчы, Уладзіслаў Дзяржынскі напісаў пра Коласа крытычна-біяграфічны нарыс «Якуб Колас», які выйшаў у першым томе збору твораў паэта ў 1928 годзе, рэцэнзію на кнігу Якуба Коласа «Сымон-музыка», рэцэнзію на кнігу Якуба Коласа «У глыбі Палесся», артыкулы «Да партрэту Я. Коласа ў літаратурнай крытыцы», «Праменяцца далі», «На павароце» (тры апошніх тэксты ўвайшлі ў кнігу «Якуб Колас у літаратурнай крытыцы», якая была надрукавана ў Мінску да дваццацігадовага юбілея творчай дзейнасці народнага песняра. Уладзіслаў Вікенцьевіч быў арыштаваны ў 28 чэрвеня 1930 г. Крытыка выслалі ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. Пасля арышту і высылкі даследчык адыйшоў ад літаратурнай дзейнасці, працаваў выкладчыкам у розных ВНУ. У 1940-50-я гады перапісваўся з Якубам Коласам. Такое лаканічнае эсэ самым падрабязным чынам ілюструе гісторыю адносін паэта і адрасата, якому скіраваны дарчы надпіс. А яшчэ і пашырае нашы ўяўленні пра таго самага У. Дзяржынскага. Можа некаму з літаратуразнаўцаў гэты тэкст, зварот да ўзаемадносін паэта і крытыка нагадае, што даўно наспела патрэба перавыдаць творы забытага літаратуразнаўцы..? 

Прататыпам Алеся Садовіча ў трылогіі «На ростанях» і Баса-Грэнкі ў п’есе «Забастоўшчыкі» Якуба Коласа, а таксама доктара Сташынскага ў рамане Аляксандра Фадзеева «Разгром» быў Аляксандр Сянкевіч (1884 — 1934) — беларускі дзяржаўны і партыйны дзеяч, вучоны, пісьменнік, наркам аховы здароўя рэспублікі ў першыя гады Савецкай улады на Беларусі. Яго сыну — Георгію Сянкевічу — Якуб Колас дорыць зборнік апавяданняў «Крок за крокам» (Менск, Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925) з такім надпісам: «Жоржыку Сянкевічу ад Якуба Коласа. 13. IV. 1925 г.»

За кожным апісаннем аўтографаў схаваны не проста адметныя, цікавыя лёсы, за кожным апісаннем, хай сабе даволі лаканічным, паўстаюць проста ўнікальныя гісторыі. Дзякуючы гэтаму каталог з’яўляецца новым, энергетычным грунтам для развіцця, пашырэння новай прасторы коласазнаўства. Пятро Глебка, Максім Лужанін, Міхась Лынькоў, Сяргей Гарадзецкі… Аўтографы, адрасаваныя пісьменнікам, грамадскім дзеячам, проста звычайным людзям, — гэта яшчэ і гісторыя іх адносін з Якубам Коласам. Апісанне дарчых надпісаў багата ілюстравана, насычана рознымі мастацкімі дакументамі, творамі, прысвечанымі тым людзям, каму класік беларускай літаратуры надпісваў свае кнігі.