Беларуская вёска, каларытныя мясцовыя жыхары ў аўдыякнізе “Не адчайваемся” Васіля Грыня, якую Audiobooks.by прадстаўляе як дыстрыб’ютар і партнёр праекту.
Аўтар кнігі Васіль Грынь купіў хутар “Засцянак Скрыплеў” на Валожыншчыне, удыхнуў у яго жыццё і зрабіў там аграсядзібу. Сусед Васіля – Браніславыч, адзіны карэнны жыхар, які там застаўся – адна з цэнтральных фігур гэтай кнігі. Васіль аднаўляе хутар, сустракае ў аграсядзібе турыстаў, і ўсё гэта не праходзіць без удзелу каларытнага і яркага Браніславыча. Ягоная асоба, гісторыі і асаблівасці маўлення — той падмурак, на якім трымаецца кніга. У Браніславыча свой адметны погляд на свет, свая філасофія. Гумар, народная мудрасць, жывыя і вельмі адкрытыя людзі. Такога не ўбачыш у горадзе.
Агучылі Мікалай Паляшчук, Андрэй Белы, Аляксандр Сайко, Генадзь Журба, Алена Лойка і Мікіта Падлесны, а знайсці і паслухаць кнігу можна на сайце Audiobooksby.com, дзе сабраныя ўсе спасылкі на галоўныя лічбавыя пляцоўкі.