Агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі за перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2022 года (BY, ENG, RUS)

Наступны агляд абапіраецца на:

  • Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека 1948 г., якая замацавала права кожнага чалавека карыстацца сваёй роднай мовай і не дапускае ніякай дыскрымінацыі ў залежнасці ад таго, на якой мове ён размаўляе;
  • Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая замацоўвае дзяржаўны статус, а значыць роўнасць дзвюх моў. У Канстытуцыі замацавана, што дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы;
  • Закон Рэспублікі Беларусь ад 26.01.1990 №2094-XI «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», які гарантуе ўсебаковае развіццё і функцыянаванне абедзвюх моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Закон сцвярджае недапушчальнасць абмежавання правоў асобы па моўных прыкметах.

Мэтай наступнага агляду з’яўляецца дэманстрацыя стану і месца беларускай мовы ў грамадстве для яе наступнай абароны і захавання, развіцця і распаўсюджання як базавага складніку нацыянальнай культуры. Неабходнасць гэтага агляду выклікана тым, што замацаваная заканадаўствам роўнасць моў не выконваецца беларускай дзяржавай, відавочная перавага надаецца рускай мове, у сувязі з чым існаванне беларускай мовы знаходзіцца пад пагрозай знішчэння ў розных сферах яе функцыянавання:

  • Пастаянна змяншаецца колькасць людзей, якія лічаць беларускую мову роднай (згодна з вынікамі перапісу насельніцтва ў 1999 годзе, 85,6% беларусаў лічылі сваёй роднай мовай беларускую, а ў 2019 годзе колькасць такіх беларусаў скарацілася да 61,2%).
  • Русіфікацыя адукацыі. За апошнія 5 гадоў колькасць вучняў сярэднеадукацыйных школ, якія навучаюцца па-беларуску, зменшылася з 128,9 тысяч чалавек (у 2016/2017 навучальным годзе) да 107,6 тысяч (у 2020/2021); а па-руску, наадварот, павялічылася з 851,7 тысяч вучняў (у 2016/2017) да 949,2 тысяч (у 2020/2021). Навучанне па-беларуску ў школах скарачаецца, школы і класы, у якіх выкладаюць па-беларуску, зачыняюцца. За апошнія 6 гадоў у Беларусі зніклі амаль у 3,5 разоў больш беларускамоўных школ, чым рускамоўных. Беларускамоўныя школы пераважна знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, рускамоўныя — у горадзе, адпаведна апошнія маюць значна большую колькасць навучэнцаў. Так, па стане на 2018 год колькасць беларускіх школ складала ў краіне 45%, але ў іх навучалася ўсяго толькі 11,1% агульнай колькасці вучняў. Таксама ў Беларусі не існуе ніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе ўсе прадметы выкладаліся б па-беларуску, што фактычна перарывае поўны адукацыйны цыкл і вымушае бацькоў аддаваць дзяцей у рускамоўныя школы.
  • Згодна з афіцыйнай статыстыкай (2019), на беларускай мове размаўляюць 28,47% беларусаў (або 2 275 243 чалавекі); а на рускай — 70,96% (або 7 990 719 беларусаў).
  • Мова пераважнай большасці беларускіх медый — руская. Па стане на 1 траўня 2020 года ў Беларусі было зарэгістравана 1160 выданняў, з іх беларускамоўнымі з’яўляліся толькі 118 выданняў (каля 10%), 209 дэкларатыўна выходзяць па-беларуску і па-руску, 271 — па-руску і па-беларуску. Рэчаіснасць паказвае, што так званыя «двухмоўныя» выданні ўжываюць беларускую мову выключна ў назве і выходных даных.
  • Культурная сфера. Улады забараняюць выставы і канцэрты, закрываюць незалежныя кніжныя выдавецтвы і крамы, фарміруюць спісы экстрэмісцкіх матэрыялаў беларускамоўных кніг (усе кнігі, унесеныя ў гэты спіс у 2022 годзе, — на беларускай мове).
  • Мова ў кніжным друку. Паказчыкі выпуску беларускамоўных выданняў за апошнія пяць гадоў дэманструюць адносную стабільнасць. У агульнай колькасці доля кніг на беларускай мове ў гэтым часовым адрэзку складала 12-13% у розныя гады, а агульны наклад — у межах 14-15%. Прычым найбольш тыражнай у беларускамоўным сегменце з’яўляецца вучэбная літаратура, якая адносіцца да катэгорыі сацыяльна значнай. Для параўнання, нават у часы існавання СССР у Беларусі друкавалася 24,5% кніг і 35,5% брашур ад агульнай колькасці па-беларуску.
  • Мова дзяржаўнага справаводства, як і мова арміі — руская.

Пры падрыхтоўцы гэтага агляду мы абапіраліся на афіцыйныя звесткі перапісу насельніцтва (1999 і 2019 гг.), даныя афіцыйнай статыстыкі і сацыялагічных апытанняў па стане на 2020 год.

Пачынаючы ад палітычнага крызісу 2020 года ў Беларусі немагчыма атрымаць афіцыйныя статыстычныя звесткі або правесці поўнамаштабнае незалежнае сацыялагічнае апытанне, у тым ліку па пытаннях мовы. Яшчэ напярэдадні выбараў у 2020 годзе практычна ўсе незалежныя даследчыя цэнтры былі пазбаўлены ліцэнзіі альбо не атрымалі яе, а праводзіць простыя апытанні на сацыяльна-палітычныя тэмы забаранілі нават СМІ. Таксама з 2020 года Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі зрабіў закрытай амаль усю афіцыйную інфармацыю.

Таму агляд дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце ў першым паўгоддзі 2022 года зроблены па адкрытых крыніцах.  

Публікуем яго вынікі 

У лютым 2022 г. стала вядома, што адміністрацыя папраўчай калоніі №3 ціснула на асуджанага па арт. 391 («Абраза суддзі») і арт. 415 («Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі») Крымінальнага кодэксу Беларусі (далей — КК) і прызнанага 10.02.2021 г. палітзняволеным Валадара Цурпанава і пакарала яго карцарам з-за таго, што ў папраўчай калоніі ён сам размаўляў па-беларуску і патрабаваў таго ж ад супрацоўнікаў. Таксама не былі задаволены адміністрацыяй калоніі хадайніцтва Цурпанава аб падрыхтоўцы дакументаў па яго крымінальнай справе (арт. 415 КК) у суд на беларускай мове. Падчас разгляду крымінальнай справы судом Віцебскага раёна 20 красавіка 2022 г. не было задаволена хадайніцтва Цурпанава, каб працэс вёўся па-беларуску.

На мерапрыемстве дзяржаўнага значэння — рэферэндуме, які адбыўся 27 лютага 2022 года — камісіі не мелі бюлетэняў на беларускай мове.

У лютым на стэндах бібліятэк, аформленых да Дня беларускай мовы, магло не быць ніводнай кнігі на беларускай мове. А ўсе сем ролікаў, што дэманструюць турыстычны патэнцыял Беларусі ў цэлым і кожнай вобласці ў прыватнасці, створаных Нацыянальным агенцтвам па турызме ў першую чаргу для саміх беларусаў (паводле слоў начальніка аддзела маркетынгу), мелі толькі рускую і англійскую версіі.

З атрыманага ў лютым 2022 г. ліста асуджанага па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») Алега Кулешы (прызнаны палітвязнем 15 чэрвеня 2021 г.) адміністрацыя папраўчай калоніі №2, у якой ён адбывае пакаранне, праводзіла тлумачальныя мерапрыемствы, каб данесці, што ў папраўчай установе трэба размаўляць выключна па-руску.

10 сакавіка 2022 г. мастакі Алесь Цыркуноў і Віталь Борыс былі арыштаваныя на 15 содняў у памяшканні Мінскага гарадскога суда за тое, што размаўлялі па-беларуску. У суд яны прыйшлі, каб падтрымаць мастака Алеся Пушкіна, якога 30 сакавіка 2022 года суд прызнаў вінаватым па артыкулах 130 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў») і 370 («Распальванне варожасці») КК і прыгаварыў яго да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму (Алесь Пушкін прызнаны палітвязнем 6 красавіка 2021 г.). Пры сабе яны таксама мелі выявы дзяржаўнага гербу Пагоня.

У сакавіку 2022 г. са сваёй пасады быў звольнены выкладчык фізічнай культуры фізічнага факультэта БДУ Сяргей Моўчан праз тое, што пачаў весці свае заняткі па-беларуску.

У красавіку 2022 г. дырэктар вытворцы лікёра-гарэлачных вырабаў Гомельскага лікёра-гарэлачнага завода «Радамір», у адказ на запыт юрыста і праваабаронцы Ігара Случака пазначаць сваю прадукцыю на беларускай мове, адказаў адмовай, спаслаўшыся на вялікую распаўсюджанасць у Беларусі рускай мовы.

Журналіст Яўген Меркіс адзначае, што не ва ўсіх крамах г. Гомеля прадаўцы жадаюць абслугоўваць пакупнікоў, якія звяртаюцца да іх на беларускай мове. Такія ж выпадкі сустракаліся і з лекарамі.

14 красавіка Міністэрства інфармацыі прыпыніла на 3 месяцы дзейнасць выдавецтва «Медысонт», 18 красавіка — выдавецтва «Галіяфы», 13 траўня — выдавецтваў «Лімарыус» і «Кнігазбор». Прычына прыпынення дзейнасці незалежных выдавецтваў ва ўсіх адна і тая ж:

«Своечасова не звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэннем аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў».

Пазначаныя выдавецтвы выпускалі кнігі пераважна па-беларуску.

16 траўня 2022 г. ГУБАЗІК зладзіў ператрус у новаадчыненай краме выдавецтва Янушкевіч «Кнігаўка», дзе прадаваліся кнігі пераважна на беларускай мове. 200 кніг былі адпраўлены на экспертызу па прыкметах экстрэмізму. Самога Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу выдавецтва, літаратурную аглядальніцу, блогерку Насту Карнацкую неаднаразова пакаралі арыштам.

На нашу думку, вельмі важна збіраць і публікаваць выпадкі дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, бо сёння як ніколі беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Мы будзем пільна сачыць за станам беларускай мовы і рабіць падобныя агляды не радзей як раз на паўгады. Таму, калі ў вас ёсць прыклады дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, якія не ўвайшлі ў гэты агляд, калі ласка, дасылайце іх нам у любы час на наш адрас – naszamova@gmail.com.

(ENG) Review of infringements of linguistic rights in Belarus from January, 1st, to June, 30th, 2022

(RUS) Обзор нарушения языковых прав в Беларуси за период с 1 января по 30 июня 2022 года