26 верасня Еўрапейскі Саюз адзначае як дзень моваў дзеля іх захавання і развіцця, бо магчымасць размаўляць на сваёй мове і выкарыстоўваць яе для выражэння сваёй ідэнтычнасці з’яўляецца базавым правам чалавека. Згодна з данымі ААН, з 7000 моваў, на якіх размаўляюць у свеце, 40% могуць знікнуць ужо да канца гэтага стагоддзя. У скарачэнні моўнай разнастайнасці вінаватыя палітычныя пераследы, адсутнасць мераў па захаванні і глабалізацыя.
У Атласе моваў свету беларускую мову адзначылі як уразлівую/аслабленую — гэта першая з чатырох прыступак на шляху да вымірання мовы. Беларуская моўная сітуацыя з’яўляецца ўнікальнай тым, што Беларусь — бадай, адзіная монаэтнічная дзяржава ў свеце (беларусы складаюць блізу 80% насельніцтва), дзе ўжыванне роднай мовы пераследуецца, нягледзячы на тое, што беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай нароўні з рускай. Аднак роўнасць гэтая так і застаецца толькі на паперы. На практыцы ж працягваюцца парушэнні дэклараванай роўнасці моваў і дыскрымінацыя найперш з боку дзяржаўных структураў і ўстановаў па моўнай прыкмеце.
Ніжэй адмыслова да Дня еўрапейскіх моў мы публікуем абноўлены агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі за 2 месяцы — ліпень і жнівень — 2022 года.
13 ліпеня 2022 у рамках судовага пасяджэння ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска па разглядзе крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») з апошняга слова Змітра Дашкевіча (асуджаны па арт. 342 КК на 1 г. і 6 м. пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, прызнаны палітвязнем 14.04.2022) стала вядома, што пры затрыманні сілавікі яго білі і прымушалі гаварыць па-руску: «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает».
1 жніўня 2022 г. на сайце баскетбольнага клуба «Цмокі-Мінск» з’явілася інфармацыя аб яго перайменаванні. Замест легендарнай беларускай назвы «Цмокі-Мінск» клуб пачаў называцца проста «Минск», прычым па-руску. Нагадаем, што назву «Цмокі-Мінск» клуб меў з 2012 года, а сама назва прыйшла з беларускай міфалогіі.
2 жніўня 2022 г. беларускага краязнаўцу, журналіста і экскурсавода Ігара Хмару пасля экскурсіі па Мінску затрымалі за тое, што ён размаўляў па-беларуску. Па якім артыкуле яму прысудзілі пакаранне, невядома. Ад сукамерніка, які адбываў арышт з Ігарам у ІЧУ Мінска, стала вядома, што гэта не адзінкавы выпадак — акрамя Ігара, там таксама былі людзі, якіх затрымлівалі з-за ўжывання беларускай мовы на вуліцы.
У жніўні 2022 г. (4, 12 і 19) юрыст і праваабаронца Ігар Случак на свае запыты атрымаў ад трох вытворцаў прадуктаў харчавання: СТАА «Данон Шклоў», ПП «Дарыда», ТАА «МарсСЕАБ» лісты аб адмове ад маркіроўкі сваёй прадукцыі па-беларуску. Усе тры кампаніі спынілі з ім ліставанне.
З інтэрв’ю аднаму з незалежных беларускіх выданняў стала вядома, што пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь падчас яго працы ў Мінску ў 2021– 2022 г. у адказ на словы «вітаю» і «да пабачэння» ад беларускіх міліцыянераў-ахоўнікаў чуў толькі «здравствуйте» і «до свидания» па-руску.
Моўная дыскрымінацыя ў Беларусі закранула не толькі беларускую мову, але і мовы нацыянальных меншасцяў тых краін, якія асудзілі і занялі прынцыповую пазіцыю адносна падаўлення правоў чалавека ў Беларусі — Літвы і Польшчы.
У жніўні ўлады закрылі адзіную літоўскую школу ў Беларусі, якая фінансавалася ўрадам Літвы — у в. Пеляса Гродзенскай вобласці. Прычынай закрыцця быў нібыта шэраг парушэнняў: не забяспечана належная эвакуацыя дзяцей і педагогаў з памяшканняў школы ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, не забяспечана належная супрацьдымная абарона ад распаўсюджання агню. Да таго ж склады перапрафіляваны пад навучальныя класы і майстэрні. У школе, якая працавала з 1992 года, навучаліся 114 вучняў, працавалі 24 настаўнікі, 10 з якіх грамадзяне Літвы.
Да гэтага стала вядома, што ў польскіх школах у Ваўкавыску і Гродна з 2022/2023 навучальнага года па распараджэнні ўладаў мову выкладання змянілі з польскай на рускую.
На пачатку жніўня ў Гродне актывістка прарасійскіх поглядаў Вольга Бондарава распачала кампанію супраць дублявання гарадскіх назваў беларускай лацінкай.
А ў канцы жніўня стала вядома, што яшчэ адна актывістка Юлія Дударэнка распаўсюджвала па праўладных і прарасейскіх тэлеграм-каналах заклікі збіраць подпісы ў падтрымку забароны беларускай лацінкі, якой дублююцца геаграфічныя назвы ў Беларусі.
Прарасейскія актывісткі патрабуюць, каб геаграфічныя аб’екты ў Беларусі называліся выключна па-руску. Падкрэслім, што беларускія назвы геаграфічных аб’ектаў дублююцца лацінскімі літарамі згодна з Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту, якая была зацверджана пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі яшчэ ў 2000 г. як прававы акт. Яе прынялі як агульнаабавязковую на дзяржаўным узроўні.
(ENG) Review of infringements of linguistic rights in Belarusfrom July, 1st to September, 1st, 2022
(RUS) Обзор нарушений языковых прав в Беларуси за период с 1 июля по 1 сентября 2022 года