У выдавецтве “Папуры” выйшла новая кніга Надзеі Ясмінска “Надзвычайны дзень народзінаў” з ілюстрацыямі Святланы Міхалап.
“Прынцэса Лубíна не выносіла свайго дня народзінаў. Калі ў каралеўскім садзе пачыналі з’яўляцца паветраныя шарыкі i плакаты «Віншуем, Ваша Высокасць», яна ішла да сябе ў пакоi ды замыкалася на ўсе чатыры ключы… Думаеце, звычайны сюжэт пра капрызную прынцэсу? Але штука ў тым, што ёй мусіла споўніцца семдзесят гадоў! Кніжка не толькі не дзяцей, але і для дарослых.”, — паведамляе апісанне.
Надзея Ясмінска (нар. 4 чэрвеня 1985, Мінск) — беларуская пісьменніца. Піша на рускай і беларускай мовах. Скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Маркетынг». Пасля магістратуры выкладала розныя аспекты рэкламы ў БДЭУ. У 2006 годзе напісала першую п’есу-казку «У адну навагоднюю ноч». П’еса стала лаўрэатам адкрытага рэспубліканскага конкурсу драматургічных твораў для дзяцей і падлеткаў «Дзіцячы свет такі багаты» (2006) і была апублікавана ў зборніку «Малеча гном» (2007). Першай асобнай кніжкай пісьменніцы стаў зборнік фэнтэзі-вершаў «Зялёныя песні Эрмінтыі», выпушчаны беларускім выдавецтвам «Галіяфы» ў 2012 годзе.
У 2015 годзе ў выдавецтве «Галіяфы» выйшаў зборнік казак для дзяцей «Сем ружаў» — другая кніга з цыклу «Хронікі густога лесу». Кніга стала ўладальніцай прэстыжнай літаратурнай «Прэміі Цёткі» ў 2016 годзе — за лепшы тэкст для дзяцей і падлеткаў і за лепшае мастацкае афармленне (мастак — Кацярына Дубовік).
Аўтарка больш як 20 кніг.