З 3 чэрвеня ў музеі кнігі ідзе выстава, прымеркаваная да 450-годдзя з пачатку дзейнасці друкарні Мамонічаў – аднаго з самых адметных беларускіх выдавецкіх цэнтраў ХVІ – пачатку ХVІІ стагоддзяў.
На выставе прадстаўлены старадрукі Дома Мамонічаў канца ХVІ – пачатку ХVІІ ст. з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сярод экспанатаў – першае выданне тыпаграфіі, сапраўдны шэдэўр кнігадрукавання ХVІ ст. – Евангелле (1575), надрукаванае Пятром Мсціслаўцам, Псалтыр (1576), больш вядомы як “Псалтыр з чырвонымі кропкамі”, Апостал (1595), Евангелле (без сігнатур) (1600), а таксама такія выданні пачатку ХVІІ ст., як Трыёдзь кветная (1609), перавыданне Статута Вялікага Княства Літоўскага (1619) і Трыбунал (1623).
“Дом Мамонічаў” – найбуйнейшая прыватная друкарня, што праіснавала амаль паўстагоддзя і стала другой пасля тыпаграфіі Францыска Скарыны, арганізаванай у сталіцы Вялікага Княства Літоўскага – Вільні. Браты Мамонічы дамагліся афіцыйнага прызнання, тройчы атрымлівалі каралеўскія прывілеі на права выпуску царкоўна-рэлігійных, свецкіх і юрыдычных выданняў. Яны першымі ў беларускім кнігадрукаванні пачалі выпускаць зборнікі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару.
Друкарня ўлічвала запатрабаванні і культурныя традыцыі розных пластоў насельніцтва. Большая частка выданняў XVI ст. прызначалася на патрэбы праваслаўных брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства.
Экспазіцыя будзе працаваць у музеі кнігі з 3 па 30 чэрвеня 2024 г.
Дата завяршэння экспанавання можа быць зменена.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Час прыцы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Галоўнае фота csl.bas-net.by