27 траўня 2009 года ў інтэрнэце з’явіўся першы нумар анлайн-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”, які арганізавала група маладых перакладчыкаў-энтузіястаў. З цягам часу вакол часопіса завіравала дзейнасць, што вылілася і ў выданне папяровых кніг, і ўручэнне адмысловай прэміі ў галіне перакладу, і ў спробу аб’яднання перакладчыкаў.
Успамінамі пра дзейнасць “ПрайдзіСвета” падзяліліся ў сацсетках адны з заснавальніц — Юля Цімафеева і Гання Янкута.
“Да яго стварэння [часопіса] я мела самае непасрэднае дачыненне і ганаруся тым, што мы некалі зрабілі цудоўнай камандай аднадумцаў, маладых перакладчыц і перакладчыкаў. Мы ставілі сабе за мэту “падвышэнне прафэсійнага ўзроўню перакладу на беларускую мову і спробу стварэння школы беларускага перакладу”…Не ведаю, як там наконт стварэння школы, але я ўпэўненая, “ПрайдзіСвет” змяніў твар беларускай перакладной літаратуры. І няхай цяпер мы ўсе робім свае “сольныя кар’еры”, я з цеплынёй успамінаю тыя няўрымслівыя і насычаныя сустрэчы!”, — напісала ў фэйсбуку паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева.
Часопіс актыўна існаваў з 2009 па 2019 гады, таксама абнаўляўся падчас каранавірусу ў 2020 годзе. За гэты перыяд выйшаў 21 тэматычны нумар, тэксты з якіх і цяпер можна чытаць на сайце.
Перакладчыца і пісьменніца Ганна Янкута, якая таксама ўваходзіла ў раду “ПрайдзіСвета” піша: “Адной з істотных частак гэтага праекта была свая кніжная серыя, якая стваралася разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў і выдавецтвам “Кнігазбор” (таксама адна кніга выйшла ў выдавецтве “Логвінаў” і дзве – у выдавецтве “Янушкевіч”) і называлася “PostScriptum”. Усяго ў серыі выйшла 15 кніг. Вядома, усе яны ўжо даўно распрадаліся, але дзякуючы Кніжны воз многія з іх (і я спадзяюся, колькасць будзе расці) можна паслухаць у выглядзе аўдыякніг“.
Кнігі, што выходзілі ў серыі часопіса:
1. Эдгар По. Маска Чырвонае Смерці (апавяданні, вершы, эсэ)
2. Злачынства, сэр (зборнік дэтэктыўнага апавядання).
3. Вусцішны пакой (зборнік містычнага апавядання).
4. Падарунак на Каляды (зборнік каляднага апавядання) – у гэтай кнізе, сярод іншага, друкаваўся пераклад “Каляднага харала” Дыкенса, які цяпер ёсць на “Кніжным возе”.
5. Оскар Уайлд. Саламея (п’еса).
6. Артур Конан Дойл. Прыгоды Шэрлака Холмса – цяпер ёсць на “Кніжным возе”.
7. Артур Конан Дойл. Нататкі пра Шэрлака Холмса – цяпер ёсць на “Кніжным возе”.
8. Артур Конан Дойл. Эцюд у пунсовым. Знак чатырох (аповесці) – цяпер ёсць на “Кніжным возе”.
9. Вільгельм Гаўф. Казкі.
10. Р. Э. Распэ і Г. А. Бюргер. Прыгоды барона Мюнхгаўзэна.
11. Тадэвуш Далэнга-Мастовіч. Знахар.
12. Г. Ф. Лаўкрафт. Кліч Ктулху.
13. Хорас Уолпал. Замак Отранта. Мэры Шэлі. Франкенштайн (аповесці) – цяпер ёсць на “Кніжным возе”.
14. Дж. М. Бары. Пітэр Пэн – цяпер ёсць на “Кніжным возе”.
15. Роберт ван Гулік. Следства вядзе суддзя Дзі – адзіная кніга, якая яшчэ дзе-нідзе ёсць у продажы, напрыклад, у варшаўскай беларускай кнігарні “Кнігаўка”.
Ідэя асобнага часопіса для перакладной літаратуры нарадзілася ў знайчнай ступені дзякуючы “Перакладчыцкай майстэрні” пры Беларускім Калегіюме, якую вёў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. Менавіта ў межах майстэрні сустрэліся многія з будучых заснавальніц і заснавальнікаў часопіса.