Інтэрнэт-часопіс сучаснай беларускай паэзіі “Taubin” запусціў свой падкаст “Белы верш”. У першым сезоне слухачоў падкасту чакаюць размовы з аўтаркамі і аўтарамі пра паэзію, рыфму і верлібры, немагчымасць і матывацыю пісання тэкстаў, а таксама пра любімыя вершы.
“Нашыя героі і гераіні — людзі з адной кніжкай, без кніжак, з мноствам кніг. Яны маладыя і не вельмі, жывуць у Беларусі і па-за яе межамі, пішуць па-беларуску, па-польску, па-англійску, на многіх іншых мовах. Яны — тут і зараз фармуюць тое, што мы называем сучаснай беларускай паэзіяй”, — пішуць стваральнікі часопіса.
Першая госця падкаста — паэтка і перакладчыца, аўтарка кнігі “Цела мігдалу” Ганна Шакель. З эпізоду вы даведаецеся, якія тры чарапахі яе трымаюць, калі апошні раз Ганна здзіўлялася паэтычнай моцы, а таксама, ці плануе паэтка пісаць новыя вершы.
Слухаць падкаст: Spotify, Apple Podcasts.