Журы прэміі Анемпадыстава за 2022 год абвясціла кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду, мэта якой – вылучыць найлепшыя дызайнерскія рашэнні кніжных вокладак года. На прэмію намінаваныя 14 вокладак, з якіх журы абрала 8 фіналістаў.
- Ананімны аўтар ці аўтарка – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»
2. Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»
3. Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак Бяды»
4. Яна Галушкіна, VEHA – вокладка кнігі VEHA «Людзі Лесу / Ludzi Lesu»
5. Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»
6. Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»
7. Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»
8. Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА»
У складзе журы за 2022 год: арт-менеджарка, заснавальніца мастацкіх галерэй Ганна Чыстасердава; журналістка-фрылансерка, фатографка Вольга Бубіч; медыямастак, вэб-распрацоўшчык Максім Тымінько; мастак, аўтар лекцый Андрэй Дурэйка; графічны дызайнер, заснавальнік дызайнерскай студыі Артур Вакараў.
“Кароткі спіс абіраўся рэйтынгавым галасаваннем, сябры журы ацэньвалі кожную вокладку паводле дзесяцібальнай шкалы. Сумы балаў вызначылі фіналістаў”, – тлумачаць арганізатары.
Цырымонія абвяшчэння пераможцы адбудзецца 7 траўня ў Музеі Вольнай Беларусі (Варшава).
Сёлета чальцамі аркамітэта прэміі за найлепшую вокладку да беларускай кнігі сталі Беларускі ПЭН і фонд «Адкрытая культура». Генеральны партнёр прэміі – тэлеканал «Белсат». Партнёры прэміі – ТАА «H&L» і кампанія «Laut».
Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця тры гады таму. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса. У 2021 годзе пераможцай стала дызайнерка Алена Дашкевіч за вокладку кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». Апошнім разам прэмія ўручалася ў 2022 годзе. Гэта быў першы год, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.