12 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры а 18-й гадзіне пройдзе адкрыццё літаратурна-дакументальнай выставы “Жменя сонечных промняў”. Экспазіцыя прадставіць творчасць сямі пісьменнікаў, чые юбілеі прыпадаюць на 2024 год.
А гэта ўгодкі з дня нараджэння: Івана Чыгрынава – 90 год, Артура Вольскага – 100 год, Алеся Савіцкага – 100 год, Аркадзя Куляшова – 110 год, Максіма Лужаніна – 115 год, Алеся Якімовіча – 120 год, Міхася Лынькова – 125 год.
На экспазіцыі можна будзе пабачыць асабістыя рэчы, прадметы адзення, аксэсуары пісьменнікаў, фотаздымкі, экслібрысы, кнігі з аўтографамі, пазнаёміцца з іх аўтабіяграфіямі, лістамі, рукапісамі, дакументамі і інш. Назву выставе дала аднайменная кніга лірычных мініятур Янкі Брыля, якая пабачыла свет у 1965 годзе.
“Цэнтральны вобраз экспазіцыі “Жменя сонечных промняў” – сонца, прамяні якога сімвалізуюць жыццёвыя шляхі мастакоў слова, асветленыя радасцю іх пісьменніцкай творчасці. Нібы сонечныя прамяні, разыходзячыся ў розныя бакі, іх творчасць мае агульны пачатак і грунт – любоў да жыцця, талент, натхненне”, – расказваюць аўтары выставы.
У адкрыцці выставы возьме ўдзел Народны літаратурны тэатр “Жывое слова”.
Выставу можна будзе наведаць да 2 чэрвеня 2024 года. Адрас: Мінск, вул. М. Багдановіча, 13