Гісторыі чужых шчасцяў і нядоляў, трасяністы голас народу, адчайнае супрацьстаянне жорсткай навакольнай рэчаіснасці — кніга апавяданняў “Жанчына і леапард” палюбілася многім чытачам, аднак пакуль што застаецца дэбютнай. Што далей і пра што думаецца цяпер? Bellit.info гутарыць з пісьменніцай, амбасадаркай беларускай прозы на Магілёўшчыне Таццянай Барысік.
– Некалі даўно выпускалі мультфільмы для дарослых, і быў такі сюжэт. Звычайны чалавек, вось дзень ягоны: тут мітусня, тут таўкатня, начальнік на рабоце лаецца, сварка, стрэс. Ён цярплівы і спакойны. Пасля едзе з работы, заязджае ў краму, купляе костку. Па дарозе зварочвае ў лясок, сядае там на калені перад косткай – і грызе, і вые шалёна! Пасля паказваюць – увесь лясок у костках. Такое вось адхланне і антыдот ад стрэсу… А ў вас ёсць такая костка?
– Няма. Бо мяне гэта не ратуе, і нікога не ратуе. Хіба што часова душэўны боль сцішвае, пакуль роблены спакой не прарвецца. Замест умоўных костак лепш вырашыць некаторыя праблемы, што так на псіхіку ўздзейнічаюць, каб жыць хоць крыху падабалася. Ну, і па медыцынскую дапамогу звярнуцца, калі не адпускае і такія косткі штодня патрэбныя.
Умацоўвае нервовую сістэму і найлепш ратуе мяне ад стрэсу працяглы сон, народныя песні, інтэнсіўная фізічная праца з выразным вынікам (па абставінах). Чарка ў прыемнай кампаніі, вандроўка, прыгожае адзенне паляпшаюць настрой і напаўняюць жыццё станоўчымі эмоцыямі і прыемнымі падзеямі. Добрыя кнігі дапамагаюць перажыць цяжкую часіну і атрымаць неабходную параду.
Каб пераключыць сваю ўвагу і адпачыць ад шэрай будзённасці, зірнуць на свет вачыма людзей з іншай ментальнасцю, гляджу відэа, што не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю вакол мяне, чым далей ад яе, тым лепей. Падыдзе і падарожжа ў Афрыку, і цыганскае вяселле ці узбекскае кіно і расповед пра цюркскія народы.
– Восень, зіма, доўгія вечары… Толькі пішы, нібыта, але не заўсёды гэтага дастаткова. А напраўду, калі творыцца лепей?
– Калі маеш што сказаць свету, ведаеш як гэта зрабіць і маеш шанец быць пачутай. Пішаш пра ўсё перажытае і пабачанае, па баках надта не азіраючыся. Твая творчасць з’яўляецца годным спосаб самарэалізацыі, крыніцаю жыццёвай моцы, а не пустых клопатаў ці небяспекі. Падыдзе любая пара года і час, я не капрызлівая. Толькі пажадана, хаця й не абавязкова – тварам да акна сядзець.
– Кожнаму, каб тварыць, трэба рознае. Каму кабінет з лямпай ў абажуры ці клавіятура з падсветкай у прыцемках, каму пакой асобны з кавай… А вам?
– Каб не адчувалася псіхічнага і фізічнага знясілення, спаць не хацелася, пільныя дробныя справы мяне на часткі не рвалі. Пішу часцей ад рукі, і толькі пасля набіраю. Каву люблю, але абыходжуся без яе, бо не так даўно першыя ў жыцці акуляры прыдбала, а адначасова і пісаць і піць каву ў іх нязручна – пара вочы засціць. Ды і клавіятуру заліць баюся.
– А дзеля чаго мы пішам-творым?
– Бо нам гэта даспадобы! Прыгожае пісьменства апраўдвае і пазначае наша існаванне на зямлі. Прычым, дазваляе гэта зрабіць на роднай мове, выразней і цікавей за аўтара надпісу “тут был Вася” на вакзальнай лаўцы. А таксама распавесці праз час і прастору ўсім ахвочым нешта пра сябе, сваіх землякоў і бацькаўшчыну.
– Вашых герояў можна, у нейкім сэнсе, назваць шукальнікамі шчасця. Але ў чым яно? І колькі адсоткаў ад агульнага чалавечага шчасця можа быць у сям’і?
– Столькі ж адсоткаў, колькі і няшчасця. Сям’я можа хіба лепш забяспечыць грашовую ды сацыяльную бяспеку, ды і то калі складаецца выключна з дарослых адэкватных людзей з рознымі крыніцамі даходу. Заўсёдныя патэльні-анучы, дагляданне-слугаванне, асабліва ва ўмовах галечы, — бляску ў жаночых вачах не выклікаюць. А калі яшчэ сям’я з разраду “абняць і плакаць”, дык наогул горш няма! Шчаслівыя і няшчасныя ёсць як сярод адзінокіх, так сямейных. Але ніводная пажылая бяздзетная халасцячка не прапала! Заробак ці пенсію мае і сябе глядзіць, і занятак знаходзіць. А вось сярод старых халасцякоў гэта рэдкасць: то звар’яцеў, то ўгарэў, то спіўся.
Шчасце – гэта магчымасць самастойнага выбару. У спрыяльных умовах – паспяховая самарэалізацыя, творчы плён, дастатковы для паўнавартаснага жыцця і шчаслівага дзяцінства нашчадкаў узровень дабрабыту.
У неспрыяльных – калі сваімі нагамі ідзеш з працы і яны не баляць, размаўляеш па-свойму з ўласнымі дзіцём, адзначаеш саракапяцігоддзе з бацькамі, паўдня ў сваім лесе па грыбах ходзіш.
– Творчыя лёсы розныя. Для некага наступае перыяд – і ідзе сабе твор за творам, кніга за кнігай. А нехта літаральна выбухае адной кнігай, розгалас, пасля знікае на доўгі час, маўчыць… Тут другая, нарэшце. Як у вас і чаму?
– Маўчаць, і не мець магчымасці выдаць кнігу – розныя рэчы. Гэта і раней было складана, а цяпер, дык няма пра што і казаць! Тым болей, я не шукаю для сваіх твораў нейтральныя тэмы, не ўмею рабіць выгляд, нібы толькі ўчора на белы свет нарадзілася і ўся такая на пазітыве. Шуфляда поўная – але каму гэта і куды?
Пра што хацелася б напісаць – тое зараз пісаць бессэнсоўна, бо зноўку давядзецца ў шуфляду пхаць. Зараз пішу зусім рэдка – ёсць на гэта прычыны, і праз гэта жыццё пустым падаецца. Складана пераасэнсаваць змены ў навакольнай рэчаіснасці. Ды выжыльвацца, як раней, абы паўсюль паспець – не выпадае, стан здароўя пакуль патрабуе больш працяглага адпачынку і ўвагі. Але гэта не назаўжды.
– Прыходзіш у кнігарню… Якія сёння ў вас пачуцці там, калі кнігі гартаеш кнігі, у тым ліку беларускія, нядаўна выдадзеныя?
– На паліцах кнігарні – амаль суцэльнае панаванне школьных дапаможнікаў, ёсць і каляровае – рускамоўнае для трохгадовых прызначанае, яшчэ нешта накшталт “Исцели позвоночник”, “ Путь к успеху”, “Заговоры сибирской целительницы”.
А вось творы сучаснай беларускай літаратуры, якія выйшлі нядаўна, і зацікавілі, цяперашнім светам адшукаць у кнігарні па-за межамі сталіцы амаль немагчыма. У бібліятэках – тое самае. Чытво да векапомных падзей выдадзенае ці з мэтай родную мамку аўтара за дзяржаўны кошт пацешыць – у разлік не бяру.
Наколькі магчыма, імкнуся сачыць за літаратурным працэсам і кніжнымі навінкамі, хоць не заўжды атрымліваецца. “Па што ідзеш, воўча” Евы Вежнавец, “Райцэнтр” Тані Скарынкінай, аповесці Людмілы Андзілеўка не толькі пагартала, але і ўпадабала, ды так, што не адарвацца. “Зэльманцы” Майсея Кульбака таксама леглі на душу. Ды й ці прыгадаеш усё адразу!
– А кожны пісьменнік павінен быць геніем? Кожны твор – падзеяй?
– Не можа і не павінен. Чытацкія густы розныя! Нават самы геніяльны твор не ўсім даспадобы прыйдзецца. Ды адрозніць сапраўды вартае ад пены на паверхні толькі час дапаможа.
– Кажуць, перад тым як сесці за работу над творам, Караткевіч мыўся, надзяваў чыстую кашулю… Нехта маладзіка чакае … А вы маеце таемны рытуал?
– Няма і не было ніколі. Раней мне вечна не ставала часу, творы часта пісаліся не ў самых камфортных умовах. Таму прыбірацца ў белае не выпадала, наўмысна поўні чакаць – таксама. А зараз я мусіць трохі здарожылася на жыццёвай каляіне – усё неабавязковае ўспрымаецца як залішняя турбота.
– У дарослых бываюць запаветныя мары?
– Так, бываюць. Толькі звычайна больш зямныя і спраўджваюцца рэдка. Дапрацаваць да пенсіі, пасля хоць трохі пажыць для сябе – бадай самая пашыраная з іх. Не ўсім шчасціць.
— А чаго хочацца найбольш? Вось каб заўтра прачнуцца – і яно было?
— Найперш таго самага што і ўсім… Творчага плёну для сябе асабіста. І яшчэ каб маё жыццё больш нагадвала твор мастацтва, чым спартыўную эстафету ў піянерлагеры, дзе трэба то ў мяшку скакаць, то на бервяно лезці.
Падрыхтаваў МА, для bellit.info
Фота: svaboda.org, nn.by, budzma.org, sbpbel.wixsite.com