19 снежня ў продаж паступіць новае, ліцэнзаванае выданне “Брацтва пярсцёнка” — першай кнігі знакамітай трылогіі “Валадар пярсцёнкаў” Джона Р. Р. Толкіна, паведамляе выдавецтва “Янушкевіч”.
Новы пераклад на беларускую мову вынік двухгадовай працы паэта і перакладчыка Ігара Кулікова. Вокладку і мастацкае афармленне зрабіла Настасся Пазняк.
На сайце анлайн-кнігарні knihauka.com можна аформіць папярэдні заказ на кнігу з паштовай і кур’ерскай дастаўкай у некаторыя еўрапейскія краіны, у тым ліку і ў Беларусь. У звычайным продажы кніга будзе каштаваць прыкладна на 20% даражэй. Выдаўцы просяць пры афармленні папярэдняга заказу не класці ў кошык іншыя кнігі, бо такім выпадку яны прыйдуць да вас не раней за 18 снежня 2023 года. Лепей зрабіце яшчэ адну замову.
Старт продажаў адбудзецца ў Варшаве 19 снежня 2023 года. Месца продажаў — Беларускі моладзевы хаб (ul. Dożynkowa 6a). Пачатак а 11-й гадзіне.
Кніга будзе мець цвёрдую вокладку, фармат 140х205 мм, 572 старонкі, з лясэ (тканевай закладкай) і залатым хот-стампінгам на вокладцы. У кнігу ўключаны карты “Частка Воласці” і “Захад Серадзем’я ў канцы Трэцяй эпохі”, а таксама “Прадмова да другога англійскага выдання” і “Тлумачэнне некаторых імён і назваў”.