Рэдакцыя bellit.info традыцыйна аглядае літаратурныя і крытычныя тэксты, што з’явіліся ў адкрытым доступе цягам гэтага тыдня.
«09.10.1933. Атрымала тры твае лісты. Такія яркія, ці ад сібірскага снегу, ад бадзёрасці тваёй ці ад майго чакання. Цяпер жыву магчымасцю зусім блізкай сустрэчы. Калі б цябе пакінулі ў Новасібірску да заканчэння тэрміну, — я зараз жа выехала б да цябе… Напішы мне пра ўсё, маючы на ўвазе толькі адно тое, што нам трэба быць разам — так будзе ярчэй і жыццё, і праца, і радасць. Хочацца ў Сібір, у халодны чысты снег, у свежасць новага нашага жыцця. У мінулым нічога не шкада. Чаму ты не ўзяў ні курткі, ні цёплых бурак? Вось цяпер мерзнеш у чаравіках, і я нічым не магу дапамагчы. Напішы, ці можна даслаць табе пасылку? Толькі напішы так, як у сапраўднасці, а то ты напішаш, што нельга, каб не прычыняць мне клопату. Ведаю я твой родны ўпарты позірк», — Людміла Рублеўская ў “Звяздзе” друкуе частку лістоў Яўгеніі Пфляўмбаўм да арыштаванага мужа, Максіма Лужаніна. Публікацыя да юбілею вядомай беларускай паэткі, нядаўна адзначалася 115-ыя ўгодкі нараджэння.
Слухаю музыку Гайдна, побач кніга вершаў Марыны, за вакном аблятае квецень…і няма ў свеце смерці”. Нізка вершаў беларуска-ўкраінскай паэткі Іны Снарскай на сайце “Дзеяслова”.
Жыццё прамаўляе не па-кніжнаму. Нармальны рэжым нашай камунікацыі — мікс вывучанага, замежнага, канцылярскага ды прастамоўнага. Практыкаванні ў стылістычным шматгалоссі. Каб заўважыць дзівацтва моўных раскладаў, трэба збочыць — і замест персанажа зрабіцца аўтарам. Здольным выкарыстаць моўнае як прыём. Аналітычная служба “Літрадыё” пра трасянку ў беларускай літаратуры, ад Скарыны да нашых дзён.
“Цяпер я паэтка-маўчун”. Адна з найбольш цікавых і чаканых падзей у літаратуры гэтага года – з’яўленне дэбютнай кнігі Ганны Шакель “Цела мігдалу”. Як ішла праца над тэкстамі, чаму ў кнігі тры рэдактаркі, што звязвае паэтку з фальклорам, а таксама, што хаваецца за назвай – гэтыя і іншыя пытанні задаў Ганне Шакель рэдактар сайта Taubin Артур Камароўскі. Адно з найцікавейшых літаратурных інтэрв’ю апошняга часу, must read.
Сталася, што да мяне прыйшла Самота. І мы аказаліся разам. Я — самотным, а яна не адна, яна — са мною. Каб ураўнаважыць гэтую няроўнасьць, я ўзяў у хаўрусьнікі Месяц. Так мы і прабавілі 30 дзён і начэй разам. І штоночы, прайшоўшы кожны з гэтых дзён, я складаў верш. Ці вершык. Ці тое, што магло б імі быць. Нізка вершаў “Маладзік і ліхтар” невядомага свету Багдана Агрэста тут жа, на “Таўбіне”.
«сирень — род кустарников, принадлежащих к семейству Маслиновые». Лиза Шуранова, в девичестве принадлежавшая к семейству Шостаков. Послевоенная сирота. Моя дорогая бабушка”. Датклівы тэкст Каці Кузінай пра бабулю на сайце літаратурнага праекта жаночага пісьма “Фігуры”.
Добрага чытання і добрай нядзелі!
Credits: Fragment uit het Frans-Latijns getijdenboek van Alexandre Petau. Gemaakt in de 16e eeuw, Rouen, Wikimedia Commons