26 кастрычніка 2023 года канчаткова было ліквідавана выдавецтва “Кнігазбор”, якое займалася выпускам беларускай літаратуры больш як 25 гадоў. Пра гэта расказаў дырэктар “Кнігазбору” Генадзь Вінярскі.
“Усё, і юрыдычна выдавецтва “Кнігазбор” няма. Эпоха Кнігазбору (17.03.1995 – 26.10.2023)”, – напісаў ён у фэйсбуку.
17 сакавіка 1995 года быў заснаваны Міжнародны Фонд “Беларускі кнігазбор”, галоўнай мэтай якога быў збор матэрыялаў і падрыхтоўка да друку аднайменнага 200-томнага кніжнага праекту. Ідэя была распрацавана беларускім пісьменнікам і літаратуразнаўцам Кастусём Цвіркам. У сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве ў 2006 годзе грамадскія аб’яднанні больш не маглі займацца камерцыйнай дзейнасцю і Управа МГА “Белкнігазбор” прапанавала выканаўчаму дырэктару аб’яднання Генадзю Вінярскаму зарэгістраваць самастойнае выдавецтва “Кнігазбор”, якое б працягвала выдавецкую справу. У лютым 2006 года ПУП “Кнігазбор” было зарэгістравана, а з траўня, атрымаўшы ліцэнзію, пачало выдавецкую дзейнасць.
Штогод у выдавецтве выходзіла каля ста найменняў кніг. Сярод вядомых беларускіх аўтараў, выдаеваных выдавецтвам: Віктар Марціновіч, Рыгор Барадулін, Віктар Казько, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Віктар Шалкевіч, Андрэй Хадановіч і многія іншыя. Таксама выдавецтва за апошнія 10 гадоў выдала многа перакладной літаратуры і кніг для дзяцей.
Кнігі выдадзеныя ў “Кнігазборы” штогод прызнаваліся найлепшымі кнігамі Беларусі ў розных літаратурных прэміях.
У студзені 2021 года Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва, аднак ужо ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленне пра магчымасць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.