У Гарадку зацвердзілі назву гарадскога сквера, які знаходзіцца перад райвыканкамам — цяпер ён будзе называцца “Вераніцынскі сквер”. Назва была выбрана шляхам грамадскага абмеркавання ў жніўні гэтага года, галасаванне было прымеркавана да Дзён беларускага пісьменства.
Для галасавання было прапанавана 8 варыянтаў назвы сквера, у тым ліку і дасланыя мясцовымі жыхарамі. Большасць галасоў (53%) атрымала назва “Вераніцынскі сквер”.
Названы ён у гонар Канстанціна Вераніцына, ураджэнца Гарадоччыны, які лічыцца найбойльш імаверным аўтарам сатырычна-гумарыстычнай паэмы “Тарас на Парнасе”, напісанай у 1850-я гады. У скверы яшчэ ў 2014 годзе быў пастаўлены помнік галоўнаму герою паэмы палясоўшчыку Тарасу, таму новая назва выглядае надзвычай дарэчна.
Агулам парадыйныя паэмы “Тарас на Парнасе” і “Энеіда навыварат” заклалі пачаткі новай беларускай літаратуры. Больш падрабязна пра аўтарства, адметнасці і важнасць “Энеіды навыварат” чытайце ў спецыяльным матэрыяле на нашым сайце.