Еўмянькоў Віталь Іванавіч (5.6.1977, Магілёў — 25.12.2022, Магілёў). Пісьменнік, перакладчык, літаратуразнаўца, выкладчык. Уваходзіў у сябры СБП.
Пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова служыў у войску. Закончыў аспірантуру, абараніў дысертацыю на тэму “Адам Міцкевіч і духоўна-эстэтычныя пошукі ў літаратуры Беларусі ХІХ ст.”. З 1999 г. выкладаў у МДУ імя А. Куляшова, працаваў на кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый. Рэдагаваў сайт City.mogilev.by і гарадскі партал MYCITY.BY (2009—2012). Увесну 2021 г. звольнены з універсітэта па палітычных матывах. Кандыдат філалагічных навук (2006).
Пахаваны ў Магілёве.
Друкаваўся ў магілёўскім гадавіку “Брама” і часопісе “Маладосць”. Аўтар аповесці “Успаміны Ваяводы, або Пялёсткі белай ружы” (Мінск, 2008), паэмаў “Хоцімская вайна” і “Філаматы”, манаграфій “Адам Міцкевіч і духоўна-эстэтычныя пошукі ў літаратуры Беларусі XIX ст.” (Магілёў, 2009) і “Навіны “краёвыя” і замежныя ў польскамоўных выданнях другой паловы XVI — першай чвэрці XVII ст. “Меркурый ардынарыйны” (спроба апісання і верыфікацыі гістарычных крыніц)” (Магілёў, 2016), вучэбна-метадычны дапаможнік “Літаратурнае рэдагаванне і кнігавыданне на тэрыторыі Беларусі” (Магілёў, 2012—2014). Напісаў больш як 100 навуковых артыкулаў.