Дыла Язэп Лявонавіч (псеўд. Назар Бываеўскі, Анна Дыла; Л.Жорсткі, Тодар Кулеш, Язэп; 14.4.1880, Слуцк, цяпер Мінская вобл. — 7.4.1973, Саратаў, Расія). Празаік, драматург, дзяржаўны дзеяч.
Нарадзіўся ў Слуцку ў сям’і паштовага служачага. Закончыў Слуцкую гімназію ў 1898 г. На наступны год паступіў у Юр’еўскі (цяпер Тартускі) ветэрынарны інстытут, з якога на трэцім курсе за ўдзел у антыўрадавых выступленнях быў выключаны. У 1903—1904 гг. працаваў у рэдакцыі менскай газеты “Северо-Западный край”. У 1905 г. узначальваў арганізацыйную групу Мінскага камітэта РСДРП. У 1906—1918 гг. працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы. У студзені—лютым 1919 г. камісар працы ў Часовым урадзе БССР. Супрацьстаяў палітыцы А. Мяснікова, за што ў лютым 1919 г. арыштаваны і высланы з Беларусі. У 1921—1924 гг. на розных кіраўнічых пасадах у Менску: старшыня Цэнтрасаюза спажывецкіх таварыстаў Беларускага края, старшыня Дзяржаўнай планавай камісіі БССР, намеснік старшыні па раянаванні БССР, член ЦВК БССР. З лістапада 1924 г. сапраўдны сябра і вучоны сакратар Інстытута беларускай культуры, у 1925—1927 гг. дырэктар Першага беларускага дзяржаўнага тэатра, у 1926—1928 гг. дырэктар Інстытута па вывучэнні мастацтва пры Інбелкульце, намеснік загадчыка Белдзяржкіно па літаратурнай частцы, з красавіка 1929 г. інспектар Галоўмастацтва Наркамасветы. У 1930 г. арыставаны па справе “Саюзу вызвалення Беларусі”, асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Кунгур (Пермская вобласць Расіі). Па вызваленні жыў і працаваў у Саратаве. У 1938 г. арыштаваны зноў, у 1939 г. справа была спынена. У 1957 г. рэабілітаваны. Жыў і працаваў у Саратаве.
Пахаваны ў Саратаве, РФ.
Дэбютаваў у друку ў 1912 г. у “Нашай Ніве”. У перыядычным друку публікаваў апавяданні, крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, мемуары, рэцэнзіі. Аўтар п’ес “Панскі гайдук” (Менск, 1926, пастаўлена ў 1924), “Падуанскі студэнт” (1965), “Юнак з Крошына” (1965), гістарычнай аповесці “Настасся Мякота” (пазн. назва “У імя дзяцей”; 1968), гістарычнага рамана “На шляху з варагаў у грэкі” (1944—1945), кніжак для дзяцей “Вясна” (Менск, 1931), “Торф” (Менск, 1932), “Храбры Юрка” (Менск, 1934), “Белачка” (Менск, 1935). Пераклаў на беларускую мову паасобныя вершы М.Канапніцкай, працы аб тэатральным жыцці Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст., успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Райніса. Выдадзеная кніга “Творы” (Мінск, 1981).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 53), аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі (фонд 39).