Далідовіч Генрых Вацлававіч (нар. 1.6.1946, в. Янкавічы, Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.). Пісьменнік. Сябра СП з 1974 г.
Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1968). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Шабыньскай няпоўнай сярэдняй школе Барысаўскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1969—1970). Зноў працаваў настаўнікам, а з 1971 г. — завучам у Шабыньскай школе. З 1973 г. супрацоўнік аддзела прозы часопіса “Полымя”. У 1979—1991 гг. намеснік галоўнага рэдактара, у 1991—2002 гг. галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”. З 2003 г. працаваў намеснікам галоўнага рэдактара “Краязнаўчай газеты”. Сябра СП СССР з 1974 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1966 г. у стаўбцоўскай раённай газеце “Прамень”. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў “Дажджы над вёскай” (Мінск, 1974), “Цяпло на першацвет” (Мінск, 1976; па-руску: Москва, 1978), “Маладыя гады” (Мінск, 1979), “Міланькі” (Мінск, 1980), “Осенняя перекличка” (Москва, 1981), “На новы парог” (Мінск, 1983), “Станаўленне” (Мінск, 1985), “Міг маладосці” (Мінск, 1987), “Десятый класс” (Минск, 1990), “Аплявуха” (Мінск, 1994), “Жывы покліч” (Мінск, 1995), “Жар кахання” (Мінск, 1996), “Сярод лелу, сярод поля” (Мінск, 2007), раманаў “Гаспадар-камень” (Мінск, 1986, 1996), “Пабуджаныя” (Мінск, 1988), “Свой дом” (Мінск, 1992), “Заходнікі” (Мінск, 1994, 1998), “Кліч роднага звона” (Мінск, 1997, 2000). У 2002 г. выдаў кнігу “БНР і БССР: Роздум аб пакутным шляху беларускай дзяржаўнасці ў ХХ ст.”. Выступае ў друку з публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі, эсэ. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1988) за раман “Гаспадар-камень”, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь імя Якуба Коласа (1996) за раман “Заходнікі”.