Сёння спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння “Вясковага лірніка” Уладзіслава Сыракомлі, аўтара беларускамоўнага верша “Добрыя весці”, кніг пра Менск і Нёман, нарысаў пра Беларусь, класіка польскай літаратуры і перакладу XIX ст.
Людвік Францішак Уладзіслаў Аляксандравіч з шляхецкага роду Кандратовічаў гербу «Сыракомля», назву якога потым узяў за псеўданім, нарадзіўся 29 верасня 1823 года на Любаншчыне, у фальварку Смольгаў, дзе ягоны бацька арандаваў зямлю. Дзіцячыя і юнацкія гады паэта прайшлі ў вёсцы Кудзінавічы (цяпер Капыльскі раён), адсюль ён ездзіў на вучобу ў Нясвіж, а пасля – у Наваградак. У 1838 г. сям’я Кандратовічаў пераехала ў Мархачоўшыну. У гэтым жа годзе будучаму паэту прыйшлося пакінуць Наваградскую павятовую школу, бацьку патрэбны быў памочнік. Пазней Людвік працаваў перапісчыкам папер у радзівілаўскай канцылярыі ў Нясвіжы. Тут ён зацікавіўся гісторыяй, самабытнай мясцовай культурай, наведваў літаратурныя сустрэчы, меў доступ да багатых кнігазбораў, занатоўваў мясцовыя паданні, пачаў рабіць першыя крокі ў літаратуры.
У 1844 годзе, пасля жаніцьбы з 16-гадовай Паўлінай Мітрашэўскай, звольніўся ca службы i стаў арандаваць фальварак Залучча (цяпер у Стаўбцоўскі раён). Тут пачаў актыўна пісаць.
У 1852 годзе ва Уладзіслава Сыракомлі цягам тыдня раптоўна памерлі тры малалетнія дачкі, i ён не меў «сілы праз свае горкія ўспаміны жыць далей у вёсцы, у мясціне, дзе калісьці жыццё працякала больш шчасліва». У верасні таго ж года пераехаў у Вільню, бліжэй да выдавецтваў. Друкаваўся ў газеце «Kurier Wileński», дзе таксама рэдагаваў аддзел віленскай хронікі. З 1953 года арандаваў фальварак Барэйкаўшчына паміж Вільняй i Ашмянамі, дзе пражыў амаль 10 гадоў. Шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве і Польшчы.
1859–1860 гадах ён жыве ў Вільні, вясною 1861 года трапляе ў Варшаву, а потым у Ломжу, Сувалкі і Коўна, дзе бярэ ўдзел у маніфестацыях супраць царызму. У Вільню Сыракомля вярнуўся пад арыштам, сядзеў у віленскай турме. Выратавала паэта заступніцтва сяброў, якія дамагліся ягонага вызваленне, як хворага на сухоты. Вызвалены пад нагляд паліцыі. Памёр у час следства. Пахаваны на віленскіх могілках Роса.
Часта творы Уладзіслава Сыракомлі грунтуюцца на беларускім матэрыяле. Паэт адлюстроўвае тагачасную беларускую рэчаіснасць, звяртаецца да далёкага гістарычнага мінулага роднага краю. Жыццё і побыт сялян, іх надзеі і спадзяванні, народныя паданні і песенная творчасць, беларускія краявіды, выпісаныя надзвычай умела і з вялікім майстэрствам, надавалі адметны каларыт паэзіі Сыракомлі сярод іншай польскамоўнай літаратуры таго часу.
Уладзіслаў Сыракомля не толькі апрацоўваў беларускія народныя песні і паданні, але і сам пісаў на беларускай мове і меркаваў выдаць кнігу ўласных беларускіх вершаў разам з вершамі Вінцэнта Каратынскага. Але, на жаль, беларуская спадчына Сыракомлі не дайшла да нас у поўнай меры. Захаваўся толькі беларускі верш “Добрыя весці”.
…Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песню: «Хваліць цябе, Божа!»
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.
Зямля ты наша, зямля ты святая,
Радзі нам збожжа ды судзі пажаць, —
Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю
На магазын наша зерне браць!
Ручыць рукою худоба ў хаце.
Паны мужыцкіх слёз не забяруць —
Мужык і шляхціц стаў за пане браце,
Рукі за рукі і грудзь за грудзь.
Пяром на карце, сахой на ніве
Адзін другому роўнасць засцярог.
Эй, у свабодзе зажывём шчасліве,
Мы будзем дзеткі, а наш бацька — Бог.
Уладзіслаў Сыракомля глыбока цікавіўся фальклорам, этнаграфіяй і гісторыяй роднага краю, пра сведчаць ягоныя празаічныя творы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Кароткае даследаванне мовы i характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі» (1856), «Мінск» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861), нататкі аб мінулым Нясвіжа для кнігі М. Балінскага «Старажытная Польшча», шматлікія артыкулы ў перыёдыцы.
Багата перакладаў паэзіі на польскую мову з нямецкай, лацінскай, французскай, украінскай і іншых моў. Многія паэтычныя пераклады Сыракомлі дагэтуль лічацца аднымі з найлепшых ў гісторыі польскай мовы.
Уладзіслаў Сыракомля моцна паўплываў на развіццё польскай і беларускай літаратуры. Вершы яму прысвячалі Янка Лучына, Адам Плуг, Янка Купала. Яго вобраз выведзены ў аповесці Адама Мальдзіса «Восень пасярод вясны». У Барэйкаўшчыне створаны музей-бібліятэка Уладзіслава Сыракомлі, яго імем названа вуліца ў Нясвіжы і Менску. У Варшаве у гонар паэта названыя адразу дзве вуліцы: вуліца Людвіка Кандратовіча і вуліца Уладзіслава Сыракомлі. У 1993 годзе быў адкрыты бюст Сыракомлі ў Старым парку Нясвіжа. У Вільні на доме, у якім памёр паэт (вул. Барбары Радзівіл, 3), змешчана памятная шыльда.
Галоўнае фота – csl.bas-net.by