Трэці зборнік прозы Зараславы Камінскай “Па той бок. Старыя лялькі, новыя гульні” пабачыў свет у мінскім выдавецтве Рамана Цымберава і даступны для замаўлення.
Анатацыя інтрыгуе: “Дзеянне ў гэтай кнізе адбываецца па той бок і па гэты. Па гэты бок, іншымі словамі, тут — таямнічае знікненне дзяўчыны і з’яўленне новых дадзеных, якія могуць перавярнуць уяўленне пра беларускіх традыцыйных лялек. А па той бок — тыя ж лялькі выконваюць свае магічныя абавязкі: абараняюць гаспадароў, дапамагаюць змагацца з нячысцікамі, але часам і самі ператвараюцца ў злыдняў. І як заўжды, калі дачытаеце кнігу, зможаце вырашыць, па які бок — вы”.
З выбранымі фрагментамі кнігі можна азнаёміцца на сайце “Літрадыё”.
Зараслава Камінская (н. 1985). Пісьменніца, аўтарка кніг “Русалкі клічуць” (прэмія “Дэбют”) і “Калядны стол. Некулінарная кніга” (прэмія Цёткі і трэцяе месца прэміі Гедройца). Нарадзілася ў Наваполацку, жыла ў Менску, цяпер жыве ў Буэнас-Айрасе. Скончыла журфак БДУ і Школу маладога пісьменніка пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў.