Вярба Мікола (сапр. Сільвановіч Мікола, 9.4.1917, в. Верадова, цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 13.7.1975, Вініпег, Манітоба, Канада). Паэт, празаік, публіцыст, мастак, філятэліст.
У час Другой сусветнай вайны быў канцылярыстам у беларускай адміністрацыі ў Маладзечне. Сябра Беларускай народнай самапомачы, Беларускага культурнага згуртавання. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. Жыў у Празе, затым у Герэнбэргу каля Штутгарта (Бадэн-Вюртэмберг, Германія). Адзін са стваральнікаў у 1946 г. у Заходняй Германіі літаратурнага аб’яднання “Шыпшына”. Арганізаваў майстроўню беларускага мастацкага рамяства “Раніца”, вырабы якой карысталіся шырокім попытам і адзначаліся на выставах. У 1947 г. выдаў паштоўку да ўгодкаў 25 Сакавіка з выявай Пагоні і партрэтамі беларускіх нацыянальных дзеячаў — К. Каліноўскага, І. Грынявіцкага, Ф. Багушэвіча, П. Крачэўскага, В. Захаркі. У 1949 г. выехаў у Канаду. Жыў у Вініпэгу, дзе быў адным з заснавальнікаў Беларускага нацыянальнага камітэта і Беларуска-канадыйскага нацыянальнага аб’яднання ў правінцыі Манітоба.
Пахаваны ў Вініпегу, правінцыя Манітоба, Канада.
Пачаў друкавацца ў 1940-х гг. Аўтар вершаў, апавяданняў, артыкулаў, якія публікаваліся на старонках беларускіх перыёдыкаў, у тым ліку часопісаў “Шыпшына”, “Сакавік”, “Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі”, “Віці”, газет “Бацькаўшчына”, “Беларускае слова”, “Беларус”. У 1947 г. падрыхтаваў да друку зборнік вершаў “У дарозе”, які аднак не быў надрукаваны. Аўтар артыкула пра беларусаў у Канадзе ў дзесяцітамовай Encyklopedia of Canada (1956—1957). Вялікая частка твораў засталася ў рукапісах. Найбольшая публікацыя зроблена Лявонам Юрэвічам у “Архіўнай кнізе” (Нью-Ёрк, 1996).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Library and Archives Canada ў Атаве (фонд MG31-H90).