Вітан-Дубейкаўская Юліяна (дзяв. Менке, 12.12.1886, Вільня — 28.09.1969, Нюрнберг, Германія). Мастацтвазнаўца, педагог, мемуарыстка.
Паходзіла з сям’і віленскіх немцаў. У 1907—1913 гг. вучылася на Вышэйшых жаночых курсах у Пецярбургу, пасля чаго здала дзяржаўны іспыт у Пецярбурскім універсітэце. Ад 1915 г. у Вільні працавала ў Беларускім камітэце разам з Іванам Луцкевічам. Удзельнічала ў адкрыцці першых беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў, Віленскай беларускай гімназіі, дзе затым сама выкладала педагогіку і нямецкую мову. Працавала разам з Цёткай, Антонам Луцкевічам. Да апошніх дзён даглядала Івана Луцкевіча (1881—1919). У 1922 г. узяла шлюб з Львом Дубейкаўскім. Ад 1941 г. жыла ў Германіі. Спачатку ўтрымлівалася ў лагеры для перасяленцаў, потым апынулася ў Берліне, дзе працавала перакладчыцай у Беларускім аддзеле Міністэрства для патрэбаў вайны, кіравала беларускім аддзелам “Вінеты”. Па сканчэнні вайны праз некаторы час выехала спачатку ў Малерсдорф, а пазней — у 1951 г. — пасялілася ў пляменніцы ў Нюрнбергу.
Пахаваная ў Нюрнбергу на Westfriedhof.
Аўтарка ўспамінаў пра дзеячаў беларускага руху А. і І. Луцкевічаў, Л. Дубейкаўскага, Цётку. Аўтарка кнігі ўспамінаў “Лявон Вітан-Дубейкаўскі” (пад псеўданімам Кветка Вітан, Нью-Ёрк, 1954). У 1953 г. напісала мемуары “Мае ўспаміны”, прысвечаныя Івану Луцкевічу, якія часткова друкаваліся ў газеце “Бацькаўшчына” (Мюнхен), але кнігай пабачылі свет толькі ў 1994 г. у Вільні дзякуючы Лявону Луцкевічу. Паводле гэтых успамінаў Галінай Дзягілевай быў пастаўлены спектакль “Віленскія мроі” ў тэатры “Зніч”.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 505).