Васючэнка Пятро Васільевіч (15.2.1959 – 25.8.2019). Празаік, драматург, літаратуразнаўца. Быў сябрам СБП.
Закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1981), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1984). Кандыдат філалагічных навук (1983). У 1984—1997 гг. працаваў малодшым, потым старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры НАНБ. У 1997 г. быў загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
Пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска.
Аўтар літаратуразнаўчых манаграфій “Драматургія і час” (Мінск, 1991), “Драматургічная спадчына Янкі Купалы” (Мінск, 1994), “Пошукі страчанага дзяцінства” (Мінск, 1995), “Сучасная беларуская драматургія” (Мінск, 2000), “Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм” (Мінск, 2004), “Ад тэксту да хранатопа” (Мінск, 2009); папулярных нарысаў “Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён” (Мінск, 2006), “Словы ў часе” (Мінск, 2015), “Словы ў часе і прасторы” (Мінск, 2016) (апошнія тры кнігі разам з Л. Баршчэўскім і М. Тычынам). Аўтар кніг прозы “Белы мурашнік” (Мінск, 1993), “Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі” (Мінск, 1997, 2003), “Прыгоды аднаго губашлёпа” (Мінск, 1999), “Адлюстраванне першатвора” (Мінск, 2004), “Дванаццаць подзвігаў Геракла” (Мінск, 2013), “Жаласлівая каралеўна” (Мінск, 2018), “Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” (Мінск, 2018), экалагічнай казкі “Каляровая затока” (Мінск, 2008), зборніка п’ес “Маленькі збраяносец” (Мінск, 1999), кнігі паэзіі “Піраміда Ліннея” (2008). У 2021 г. у Мінску выйшлі Выбраныя творы. Пастаноўкі на яго творы рабіліся ў сталічным Тэатры юнага гледача, маладзечанскім Тэатры лялек і іншых тэатрах краіны. Лаўрэат літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” (2003), літаратурнай прэміі “Блакітны свін” (2010).