Бядуля Змітрок (сапр. Плаўнік Самуіл Яфімавіч, 23.4.1886, в. Пасадзец, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 3.11.1941, Уральск, Расія). Паэт, празаік. Сябра СП з 1934 г.
Вучыўся ў пачатковай яўрэйскай школе — хедары, у школе рабінаў — ешыбоце. Працаваў хатнім настаўнікам, а з 1902 г. канторшчыкам на лесараспрацоўках. У 1912 г. быў запрошаны ў Вільню на сталую працу ў беларускія культурныя арганізацыі. Разам з Янкам Купалам працаваў у газеце “Наша ніва”. Летам 1915 г. з Вільні вярнуўся ў родны Пасадзец, а неўзабаве пераехаў у Менск, дзе працаваў у беларускім бежанскім камітэце. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі некалькі год працаваў у газеце “Савецкая Беларусь”, быў рэдактарам дзіцячага часопіса “Зоркі” і краязнаўчага “Наш край”. Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, пасля — ва “Узвышша”. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуаваўся з Беларусі. Сябра СП СССР з 1934 г. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Памёр і быў пахаваны ва Уральску, Расія. Перапахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Першы надрукаваны твор — абразок на беларускай мове “Пяюць начлежнікі” (газета “Наша ніва”, 1910). У 1911—1912 гг. друкаваў вершы на рускай мове ў часопісах “На берегах Невы” (Пецярбург) і “Молодые порывы” (Вільня). У 1913 г. апублікаваў зборнік лірычных імпрэсій “Абразкі” (Пецярбург). У паслярэвалюцыйны час выйшлі кнігі паэзіі “Пад родным небам” (Менск, 1922), “Буралом” (Менск, 1925), “Паэмы” (Менск, 1927), зборнікі апавяданняў “На зачарованых гонях” (Менск, 1923), “Апавяданні” (Менск, 1926), “Выбраныя апавяданні” (Менск, 1926), “Танзілія” (Менск, 1927), “Дэлегатка” (Менск, 1928), “Тры пальцы” (Менск, 1930), “Незвычайныя гісторыі” (Менск, 1931), “Па пройдзеных сцежках” (Менск, 1940), аповесці “Салавей” (Менск, 1928, экранізавана і пастаўлена ў 1937, аднайменны балет у 1939), “Набліжэнне” (Менск, 1935), “У дрымучых лясах” (1939, часопіс “Полымя”), двухтомны раман “Язэп Крушынскі” (Менск, 1929—1932), “Выбраныя творы” (Менск, 1934). Шмат зборнікаў выбраных твораў выйшлі ў пасляваенныя гады. Для дзяцей выдадзены кнігі “Качачка-цацачка” (Менск, 1927, казка), “Вясной” (Менск, 1928, вершы), “Гаспадарка” (Менск, 1930, вершы), “Мурашка-Палашка” (Менск, 1939, вершаваная казка), “Люцік” (Менск, 1940, верш), “Хлопчык з-пад Гродна” (Менск, 1940, паэма), “Апавяданні” (Мінск, 1947), “Мае забавы” (Мінск, 1949, вершы), “Сярэбраная табакерка” (Мінск, 1958, казка і апавяданні), “Дзень добры!” (Мінск, 1979, вершы, казкі, апавяданні), асобныя вершы, казкі. У 1951—1953 гг. выйшаў Збор твораў у 4-х, у 1985—1989 гг. — у 5 тамах. Выдаў даследаванні “Жыды на Беларусі” (Менск, 1918), “Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях” (Менск, 1924), кнігу нарысаў “Дзесяць” (Менск, 1930). Пераклаў з ідышу на беларускую мову творы Шолама-Алейхема, С.Годынэра, С.Каган і інш.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 55. Збор архіўных дакументаў дзеячаў літаратуры).