Бажко Алесь Цімафеевіч (22.10.1918, в. Даўгінава, цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 17.4.2013, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1957 г.
Вучыўся ў музычным інстытуце імя С.Манюшкі ў Наваградку (1936—1938), у Варшаўскай кансерваторыі (1938—1939). У 1940 г. працаваў дырэктарам мірскага РДК. У гэтым жа годзе прызваны ў Савецкую Армію. Пасля ранення пад Ельняй (1942) працаваў на абаронным будаўніцтве. Удзельнічаў у стварэнні першых адзінак Войска Польскага на тэрыторыі СССР у якасці генеральнага інструктара прапаганды Валагодскага акружнога ўпраўлення Саюза польскіх патрыётаў. З чэрвеня 1945 г. — інструктар Баранавіцкага абкома камсамола, першы сакратар Дзятлаўскага райкома камсамола. Са снежня 1945 г. — на журналісцкай рабоце: літсупрацоўнік баранавіцкай абласной газеты “Чырвоная змена”, на абласным радыё, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет “Савецкі селянін”, “Чырвоная змена”, у маладзечанскай абласной газеце “Сталінскі шлях”. У 1955 г. завочна скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. З 1956 г. карэспандэнт, загадчык аддзела пісем газеты “Літаратура і мастацтва”. З 1959 г. намеснік рэдактара газеты “Голас Радзімы”, з 1962 г. загадчык рэдакцыі мастацкай літаратуры выдавецтва “Беларусь”, з 1970 г. намеснік галоўнага рэдактара газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1973—1977 гг. працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы, у 1977—1978 гг. галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі і намеснік начальніка Упраўлення па справах мастацтваў Міністэрства культуры БССР. Сябра СП СССР з 1957 г. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1977).
Памёр і пахаваны ў Мінску.
У друку выступіў упершыню з нарысамі і нататкамі ў 1945 г. Першыя вершы апублікаваў у 1947 г. Выйшлі аповесці “Перад вераснем” (Мінск, 1959), “Позняе ворыва” (Мінск, 1963), “Лясныя крушні” (Мінск, 1981), “Жывыя прывіды” (Мінск, 1986), зборнік нарысаў і памфлетаў “Татальнае банкруцтва” (Мінск, 1973), кніга аповесцей “Перад вераснем. Позняе ворыва” (Мінск, 1979, 1992). Выдаў паэмы: “Карвіга пакідае хутар” (Мінск, 1961), “Татры” (Мінск, 1964), “Паэмы” (Мінск, 1968), зборнікі вершаў “Блакітныя вербы” (Мінск, 1973), “Суладдзе” (Мінск, 1975), “Каласы і скалы: Выбранае” (Мінск, 1978). У 1987 г. выйшлі Выбраныя творы (паэмы і вершы). Перакладаў з польскай і славацкай моў.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 61) і Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (фонд 311, вопіс 5).