Аўдыятэка — праект Беларускага ПЭН-цэнтра, паўсталы з архіву запісаў беларускіх паэтаў, якія калісьці захоўваліся на сайце Litradio. Пераважна на сайце Аўдыятэкі прадстаўленыя чытанні вершаў сучасных беларускіх паэтаў ХХІ стагоддзя, з невялікімі ўстаўкамі архіўных запісаў (напрыклад, Уладзіміра Караткевіча ці Якуба Коласа).
Файлы Аўдыятэкі згрупаваныя паводле алфавітнага пераліку і пераважнай колькасцю прадстаўляюць паэзію, аднак ёсць і запісы чытання прозы, а таксама перакладаў прозы. Так, на сайце можна паслухаць пераклады апавяданняў Алега Сянцова, Паўла Гюле, прозу Вінцэся Мудрова, Паўла Севярынца, казкі Аляксандры Хамянок і Надзеі Ясмінска. Празаічную частку напаўняюць штогод і адмыслова начытаныя тэксты шортлістараў Прэміі Гедройця.
Як правіла, побач з прайгравальнікамі ў SoundCloud, на старонцы ёсць і тэксты літаратурных твораў. Такім чынам, літаратуру ў Аўдыётэцы можна і чытаць, і слухаць адначасова.
Наведаць Аўдыётэку — можна тут.